viasna on patreon

Маці Андрэя Гайдукова – за адкрыты судовы працэс

2013 2013-05-29T18:27:56+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gajdukou-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Гайдукоў

Андрэй Гайдукоў

Працэс паводле крымінальнай справе 23-гадовага аператара "Нафтана", якога вінавацяць у  "здрадзе дзяржаве", пройдзе ў Віцебскім абласным судзе. Вольга Гайдукова, яго маці, спадзяецца, што працэс зробяць адкрытым, каб усе маглі даведацца падрабязнасці гэтай справы. Бо абвінавачанні ў шпіянажы звычайнага наваполацкага хлопца шмат каму падаюцца абсурднымі.

Вольга Гайдукова і сама не ведае падрабязнасцяў справы сына:

"Я не ўяўляю, што ён мог такога зрабіць, каб трапіць пад артыкул, дзе прадугледжана пакаранне ад 7 да 15 год! Справа не ў працы – якія дзяржаўныя таямніцы можа ведаць шэраговы работнік "Нафтану"? Значыць, "вінавата" грамадская дзейнасць! Ён хадзіў на маўклівыя акцыі пратэсту, быў назіральнікам на выбарах, у камандзе Саннікава і мясцовых нашых апазіцыйных вылучэнцаў. Яму пагражалі, каб не лез у палітыку, але ці пераканаеш? Скажу так: я не ведаю большага патрыёта, чым Андрэй! Бо тыя, хто хацеў выгодаў для сябе, даўно з'ехалі за мяжу. Так і сказалі: "Хачу добра жыць, таму ў гэтай краіне мне рабіць няма чаго! А Андрэй хацеў, каб добра было тут, каб усім тут было добра. Можа, справа ў той арганізацыі, што ён хацеў зарэгістраваць? "Саюз маладых інтэлектуалаў", міжнародная арганізацыя. Некаторыя хлопцы адступіліся ад гэтай ідэі, а ён вырашыў, што яна мусіць існаваць. Рыхтаваў дакументы, якраз перад самым арыштам…"

Андрэй Гайдукоў быў арыштаваны 8 лістапада 2012 года ў Віцебску, нібыта "падчас закладкі тайніка са звесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спецслужбы" – так гаварылася ў афіцыйным паведамленні КДБ. З тае пары маці не бачыла сына: ёй двойчы адмаўлялі ў спатканні, патлумачыўшы гэта "немэтазгоднасцю".

"Сям'я нічога не ведае, што там за справа. У лістах Андрэй піша, каб мы не хваляваліся – ён жа не можа патлумачыць нам нічога, бо лісты не прапусціць цэнзура. Можа, у самы першы месяц арышту ён нешта такое спрабаваў рабіць – бо лісты проста не даходзілі. Цяпер я толькі ад адваката ведаю, ці ён здаровы, ці нешта яму трэба перадаць? Адвакаты даюць падпіску пра неразгалошванне таямніцы следства, таму нічога невядома. Дык у чым там справа? Кампутар пасля ператрусу нам аддалі без тлумачэнняў, на допыты ні бацьку, ні сястру не выклікалі… Што напісана ў той справе? Калі суд зробяць закрытым, значыцца, там сапраўды нешта не так, раз хаваюць ад людзей інфармацыю!" – кажа маці Гайдукова.

Пакуль што яна сфармулявала для сябе прычыну арышту так: сын апынуўся не ў тым месцы і не ў той час, і нехта гэтымі акалічнасцямі скарыстаўся. Пакуль не вядомыя дакладныя прычыны арышту, маці  не можа выклічаць магчымасць нейкіх "падставаў", фальсіфікацый. І таму мяркуе, што працэс мусіць быць адкрытым.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства