22 сакавіка Пінскі гарадзкі суд арыштаваў на 5 сутак старшыню гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Аляксандра Раманоўскага
Юрыст зь Берасьця Раман Кісьляк прысутнічаў на судовым паседжаньні у Пінску. Вось што ён паведаміў Радыё Свабода: “У судзе заслухалі сьведак – двух супрацоўнікаў міліцыі. Яны даводзілі, што ён брыдкасловіў. Аднак якія-небудзь словы не называліся. Рамановіч асуджаны на 5 сутак”.
Раман Кісьляк таксама паведаміў, што з залі суду была выведзена пад канвоем журналістка рэгіянальнай газэты “Мясцовы час” Надзея Андрэйкавец. Міліцыянты адабралі у яе фотаапарат.
22 сакавіка КДБ і міліцыя працягвалі сачыць за апазыцыянэрамі на Берасьцейшчыне. У Пінску быў затрыманы сябра партыі БНФ Канстанцін Чувак. У Берасьці на вуліцы Савецкай быў спынены актывіст руху “За Свабоду” Андрэй Шарэнда. У Баранавічах – Віктар Карлінскі. Жыхару Пінску Аляксандру Аўсеенку ўдалося адарвацца ад перасьледу. Ён перакананы, што напярэдадні Дня Волі ў міліцыю паступілі сьпісы актывістаў.
“Мне нават міліцыянт паказваў сьпіс і зачытваў: “Аляксандар Мікалаевіч...” – аднаго са сьпісу. Я кажу: “Рамановіч?”. Адказвае: “Так, Рамановіч”. Працуюць па сьпісах. Альбо узяць падпіску аб абмежаваньні канстытуцыйных правоў, а калі людзі адмаўляюцца, то арыштаваць і пасадзіць”.