Прызначана дата суду за віцебскі бюлетэнь "Магістрат"
Старшыня абласной арганізацыі Пратыі БНФ Леанід Аўтухоў атрымаў позву ў Кастрычніцкі райсуд на 15 гадзін 17 траўня. Суддзя Алена Протас мае разгледзець міліцэйскі пратакол, складзены на актывіста "за парушэнне заканадаўства аб СМІ".
22 сакавіка Леанід Аўтухоў і ягоны аднапартыец Кастусь Смолікаў былі затрыманы ў гандлёвым цэнтры "Эвіком". Першапачаткова на абодвух склалі пратаколы за парушэнне заканадаўства аб масавых акцыях, бо яны раздавалі партыйны бюлетэнь "Магістрат", дзе быў артыкул пра мітынг у Дзень Волі 25 сакавіка. Заяўку на мерапрыемства падаваў Леанід Аўтухоў, і ў дзень затрымання ён яшчэ не меў ніякага адказу ад уладаў. Але ў дзень суду супрацоўнікі міліцыі прадставілі копію адказу, дзе было сказана, што мітынг забаронены Чыгуначнай раённай адміністрацыяй. Такім чынам, суддзя Іна Грабоўская прызнала Смолікава і Аўтухова вінаватымі за заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі.
"Па рашэнні суду асобнікі "Магістрату" мусілі знішчыць. Але 24 кркасавіка мяне выклікалі ў Кастрычніцкі РАУС і паведамілі, што кіраўніцтва райаддзелу звярнулася ў суд, каб іх не знішчалі. І на нас са Смолікавым склалі яшчэ па адным пратаколе – цяпер за парушэнне заканадаўства аб СМІ. Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што колькасць забраных паасобнікаў большая за дазволены для незарэгістраваных выданняў наклад. Але ж у нашай прысутнасці ніхто нічога не пералічваў, і я не ведаю, адкуль узялася лічба "перавышанай колькасці," – кажа Леанід Аўтухоў.
Ён мяркуе, што іх са Смолікавым будуць судзіць разам – як было і мінулы разам, калі за парушэнне заканадаўства аб масавых акцыях абодвум далі па 5 сутак арышту. Але Кастусь Смолікаў пакуль позвы ў суд не атрымаў.