Сёньня адбылося чарговае паседжаньне Вышэйшага гаспадарчага суду па справе царквы «Новае жыцьцё»
Зь ініцыятывы прадстаўнікоў Менгарвыканкаму на паседжаньне быў запрошаны прадстаўнік Дзяржкамітэту па маёмасьці, які мусіў даць заключэньне па пытаньні мэтавага выкарыстаньня царквой зямельнага надзелу.
Пасьля яго выступу судзьдзя Караткевіч абвесьціла перапынак да чацьвярга. Паводле словаў праўніка царквы Сяргея Луканіна, магчыма, у чацьвер справа царквы «Новае жыцьцё» тым ці іншым чынам вырашыцца. Судзьдзя папрасіла бакі падрыхтаваць сьпіс усіх нарматыўных актаў, якімі ўдзельнікі працэсу кіраваліся ў адстойваньні сваіх пазыцыяў, для вынясеньня канчатковага рашэньня, паведаміў сп. Луканін. На яго думку, сёньняшні выступ прадстаўніка Менгарвыканкаму быў проста спосабам адцягнуць час, бо царква ад пачатку працэсу прадставіла ўсе неабходныя дакумэнты.
Як паведаміла "Наша Ніва" on-line, паседжаньне па справе царквы «Новае жыцьцё» адбудзецца ў Вышэйшым гаспадарчым судзе ў 22 сакавіка а 12й гадзіне.