Алесь Бяляцкі: “Жыву літаратурай” (відэа)
У чаканьні вясны Алесь Бяляцкі жыве літаратурай. У ліставаньні з сябрамі палітвязень іранізуе наконт колькасьці напісаных ім за апошні час за кратамі нататкаў і распавядае пра крыніцы натхненьня.
“Што ні прачытаю, пра ўсё напісаць хочацца. Бо ведаю, як выйду, тут маё пісаньне і скончыцца. Як заўсёды, ня будзе часу хапаць”.
Алесь распавядае, што зараз дачытвае-смакуе кнігу Сяргея Дубаўца “Майстроўня.Гісторыя аднаго цуду”. “Улічваючы тое, што добрую палову герояў я ведаў і ведаю, яна моцна чапляе мяне. Таму і чытаю па-трошку. А кніжка атрымалася і вельмі душэўная і важная”. І далей Алесь адзначае, што менавіта гэтай кнігай выкліканыя ягоныя нядаўнія нататкі пра беларушчыну.
З паэзіі палітвязень зараз чытае “Выбранае” Эдуарда Акуліна. “І хачу сказаць, што ён – паэт вельмі высокага ўзроўню. Хаця характар у яго няпросты. Як, мабыць, і ва ўсіх творцаў. Добры творца, мабыць, інстыктыўна ставіць сябе ў цэнтры сусьвету. Таму яны ўсе вялікія эгацэнтрысты. А ў іншым выпадку – тады творцы ня будзе”.
Нагадаем, што нядаўна Эдуард Акулін прэзентаваў песьню, прысьвечаную свайму даўняму сябру Алесю Бяляцкаму – “Узыйду”. Песьня прагучала падчас прэзентацыі кнігі Валера Каліноўскага "Справа Бяляцкага" і кнігі Алеся Бяляцкага "Асьвечаныя беларушчынай" у Бабруйску , непадалёк ад калоніі, дзе ўтрымліваецца старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна".