Бабруйск: Адміністрацыя завода падтрымлівае толькі афіцыйны прафсаюз
На бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў (ТДіА) працягваюць маральна ціснуць на сябраў незалежнага прафсаюза. Апошнім часам працоўных вырашылі прывабліваць фінансавымі бонусамі. Нагадаем, нядаўна старшыня суполкі СПБ Міхаіл Кавалькоў расказваў, што за выхад з яго прафсаюза завадчанам абяцалі грашовую даплату да мільёна рублёў.
На гэты раз адміністрацыя завода пайшла на крок, які Міхаіл Кавалькоў называе дыскрымінацыйным у дачыненні да сябраў Свабоднага прафсаюза Беларускага і працоўных, якія ўвогуле не ўваходзяць у прафсаюзы. Некалькі дзён таму на прадпрыемстве адбылася канферэнцыя афіцыйнага прафсаюза АСМ (аўтасельгасмашынабудаўніцтва), ён уваходзіць у ФПБ, у якім старшынствуе Леанід Козік, які таксама прысутнічаў на канферэнцыі. Дэлегаты прынялі новую, трохгадовую калектыўную дамову, паміж АСМ і адміністрацыяй ТДіА.
Па гэтай дамове асобныя выплаты будуць распаўсюджвацца толькі на сябраў афіцыйнага прафсаюза. У тым ліку аднаразовая дапамога пры сыходзе ў адпуск, прэміі да Дня машынабудаўніка, да юбілеяў і сыходу на пенсію працаўнікоў, матэрыяльная дапамога на дзяцей, дапамога з нагоды смерці сваякоў. Акрамя гэтага, толькі сябрам АСМ дазваляецца карыстацца фізкультурна-аздараўляльным комплексам. І гэта нягледзячы на тое, што на гэтыя выплаты і ўтрыманне ФАК працуюць усе завадчане.
Міхаіл Кавалькоў мае цвёрды намер дабіцца, каб гэтая калектыўная дамова не была зарэгістраваная.