За выхад з незалежнага прафсаюза прапануюць грошы
Завод трактарных дэталяў і агрэгатаў можа застацца без Свабоднага прафсаюза беларускага.
Суіснаванне двух прафкамаў – дзяржаўнага і незалежнага – не задавальняе кіраўніцтва Бабруйскага прадпрыемства. За добраахвотны выхад з незалежнага прафсаюза работнікам абяцаюць грашовую даплату – нават у мільён рублёў.
Як кажа Міхаіл Кавалькоў з незалежнага прафкама, людзям таксама пагражаюць не працягнуць кантракты:
– Вось гэта і ёсць той негатыўны рэсурс, калі начальнікі цэхаў, майстры і г. д. выклікаюць да сябе рабочых і заяўляюць, каб выходзілі з прафсаюза, інакш не будзе працягнуты кантракт і г. д. Такімі метадамі ідзе барацьба з прафсаюзам. Цяпер людзі баяцца ўступаць у прафсаюз, хоць магу заявіць, што каля 95% на заводзе нас падтрымліваюць. Кажуць, што калі не будзе вашага прафсаюза, тут будзе поўнае бязмежжа.
Пад пагрозай людзі зыходзяць. Шэрагі ячэйкі незалежага прафсаюза цяпер налічваюць менш за сто чалавек.
25 сакавіка скончыцца тэрмін дзеяння калектыўнай дамовы. Кіраўніцтва завода пагражае, што новая дамова на чальцоў незалежнага прафсаюза пашырацца не будзе.