“Маладафронтаўцу” Уладзю Яроменку суд “далічыў” трое сутак арышту
У судзе Першамайскага раёна Менска 20 сакавіка паўторна разглядалася справа актывіста “Маладога фронту” Уладзі Яроменкі, якога раней пакаралі арыштам за парушэнне прэвентыўнага нагляду. Не пагадзіўшыся з ранейшым прысудам (12 сутак арышту), Яроменак абскардзіў яго ў Менгарсудзе.
Вынікам разгляду касацыйнай скаргі ў Менгарсудзе 26 лютага стала накіраванне справы на новы разгляд у той жа суд. Аднак сам актывіст на тым судовым паседжанні не прысутнічаў, судовыя выканаўцы не папярэдзілі актывіста належным чынам. Як вынік - Яроменак быў пазбаўлены законнага права на абарону. Гэта і паслужыла нагодай звярнуцца са скаргай у Мінскі гарадскі суд, які 26 лютага 2013 года адмяніў рашэнне суддзі Першамайскага раёна і адправіў справу на новы разгляд да іншага суддзі, але ў той самы суд.
Сёння суддзя Ганна Паскевіч, далучыўшы да ранейшых двух фактаў парушэнняў нагляду яшчэ адзін, прысудзіла яго ў канчатковым варыянце да 15 сутак арышту. Паколькі 12 сутак Яроменак адбыў раней, яму засталося даадбыць яшчэ трое сутак адміністрацыйнага арышту.
Нагадаем, у адносінах да актывіста "Маладога фронта" і былога палітвязня Уладзя Яроменкі 15 сакавіка 2012 года быў устаноўлены прэвентыўны нагляд на год. Аднак за гэты час актывіст двойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за нібыта парушэнне грамадскага парадку. На падставе гэтага суддзя Першамайскага суду Ярмоленкава (з удзелам пракурора Ермаковай) 15 сакавіка гэтага года вынесла рашэнне аб тым, што тэрмін прэвентыўнага нагляду ў адносінах да Яроменка павінен быць працягнуты яшчэ на паўгады - да 15 верасня 2013 года.