Як забяспечваюцца моўныя правы ў Салігорску
Грамадзяне Салігорску звярнуліся да мясцовых уладаў з прапановай забяспечыць фактычную роўнасць беларускай мовы з другой дзяржаўнай мовай - рускай, як таго патрабуе артыкул 17 Канстытуцыі і закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”.
“З-за адсутнасці нацыянальнай беларускай школы ў нас амаль ва ўсіх моўных сферах жыцця існуе толькі руская мова. Такога занядбання роднай мовы не назіралася нават у гады сталінскага лінгвацыду,” - гаворыцца ў звароце.
Варта адзначыць, што сярод падпісантаў значацца кіраўнікі Салігорскай гарадской арганізацыі “Таварыства беларускай мовы” Мікалай Шаравар і Уладзімір Масакоўскі, праваабаронцы Леанід Мархотка і Аляксей Валабуеў, грамадскі актывіт Уладзімір Шыла.
Зварот быў разгледжаны Салігорскім раённым Саветам дэпутатам і мясцовым райвыканкамам. Па інфармацыі чыноўнікаў з 34 установаў агульнай сярэдняй адукацыі беларускамоўнымі з’яўляюцца 19 школ, з 33 установаў дашкольнай адукацыі беларускамоўнымі з’яўляюцца 10 садкоў і дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці. Агулам беларускамоўныя ўстановы наведваюць 1834 вучні і 821 дзіцяці. Улады не ўдакладняюць пра месцазнаходжанне гэтых установаў, але вядома, што гарадскіх установаў сярод іх няма. Зрэшты, па запытах бацькоў у салігорскім гарадскім дзіцячым садку №38 створана і працуе беларускамоўная група, якую наведвае 20 дзяцей.