Выйшла кніга Алеся Бяляцкага, падрыхтаваная за кратамі
Выйшла кніга палітвязьня Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай», у якую ўвайшлі яго літаратуразнаўчыя артыкулы і эсэ.
Укладаньне кнігі Алесь Бяляцкі пачаў у 2011 годзе
на волі, а пасьля арышту працягнуў працу за кратамі —
у турмах у Менску, Жодзіне і Бабруйску.
У кнігу ўвайшлі таксама чатыры тэксты, якія Алесь Бяляцкі напісаў
за кратамі. Гэта «Подзьвіг Хвядоса Шынклера» пра малавядомага пісьменьніка
20-х гадоў, які загінуў падчас Другой усясьветнай вайны,
і рэцэнзія на кнігу паэзіі Сяржука Сыса «Стрэмка». Упершыню
ў сучасным літаратуразнаўстве Алесь Бяляцкі ўводзіць тэрмін «беларуская
турэмная літаратура». Ён піша рэцэнзіі на кнігі вершаў Уладзімера
Някляева і Аляксандра Фядуты, якія былі таксама напісаныя за кратамі.
«Алесь дасылаў тэксты ў лістах — № 1, № 2 і так далей.
А тут на волі мы іх набіралі. Пасьля дасылалі Алесю,
і ён іх вычытваў. Чамусьці эсэ пра кнігі Сыса і Някляева
да яго на вычытку не дайшлі. Магчыма, таму, што я дасылала
разам зь імі стрыжні, якія ён прасіў, бо яму трэба шмат
пісаць», — распавяла ўкладальніца кнігі Паліна Сьцепаненка.
У кнізе Бяляцкага амаль 500 старонак. Яна складзеная
паводле ягонай схемы.
«6 лютага я атрымала ліст ад Алеся, дзе ён піша, што атрымаў
культурны шок ад выдадзенай кнігі і нават ніколі ня марыў, што
ў яго будзе такая кніга, думаў, што ўсё будзе больш сьціпла.
Ён выказвае падзякі ўсім, хто працаваў над гэтай кнігай. Афармляў
яе вядомы графік Уладзімер Вішнеўскі. Алесь піша, што не спадзяваўся,
што гэта будзе зь Вішнеўскім, у цьвёрдай вокладцы, на такой
паперы. Ён таксама піша, што шмат часу аддаваў грамадзкай дзейнасьці і яго
мучыла тое, што ён не адбыўся як крытык і літаратуразнаўца.
Гэтую кнігу ён меркаваў выдаць да свайго 50-годзьдзя
як пэўнае падсумаваньне», — кажа Паліна Сьцепаненка.
Дагэтуль у Алеся Бяляцкага ўжо выходзіла манаграфія «Літаратура
і нацыя» (1991) і кніга нарысаў і эсэ «Прабежкі па беразе
Жэнэўскага возера» (2006).
Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года
турмы ў лістападзе 2011 году. Яго прызналі вінаватым у нясплаце
падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе
грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую
дзейнасьць.
Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра
банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.
Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць
Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны
патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.