Ярмошына заявіла, што сельсаветы могуць скасаваць
Паводле яе словаў, магчымасць ліквідацыі сельскіх і пасялковых саветаў абмяркоўвалася на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі, прысвечанай змяненню выбарчага заканадаўства.
Падчас інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь-1" старшыня ЦВК заявіла, што скасаванне сельскіх саветаў магчымае, бо там "вельмі цяжка знайсці будучых кандыдатаў у дэпутаты і забяспечыць потым работу гэтых прадстаўнічых органаў, якія валодаюць даволі невялікімі паўнамоцтвамі".
Апошнія выбары ў мясцовыя саветы у Беларусі праводзіліся ў 2010 годзе. Тады абіраліся дэпутаты ў 1288 сельскіх (15342 дэпутаты) і 56 пасялковых (754) саветах.
Наступныя выбарыя запланаваныя на 2014 год. Па словах Ярмошынай, усе змены ў выбарчае заканадаўства павінны завяршыцца да сярэдзіны лістапада 2013 года, каб ужо ў снежні распачаць падрыхтоўку да новай выбарчай кампаніі.