Мікалай Статкевіч -- бацьку: “Як бачыш, нашу пароду нічога не ўзяло…”
Баранавіцкая недзяржаўная газета “Intex-press” у вялікім артыкуле “Гэта мой выбар, мой шлях, і я не збіраюся сыходзіць з яго” напісала пра гадавое ліставанне Мікалая Статкевіча са сваім бацькам. Газета нагадвае, што Мікалай Статкевіч – адзіны з экс-кандыдатаў у прэзідэнты, які па сёняшні дзень знаходзіцца ў Магілёўскай турме № 4. Кожны тыдзень ён імкнецца дасылаць лісты свайму бацьку Статкевічу Віктару Паўлавічу. З гэтых невялікіх лістоў можна даведацца, што дзённы заробак Мікалая Статкевіча складае 300 рублёў пры ўмове выканання плана, што 6 месяцаў яго не пускалі да праваслаўнага святара, што лісты пераважна даходзяць ад родных, а ад іншых людзей “недзе губляюцца”, што вінаватым ён сябе не лічыць, таму і прынцыпова не піша прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта. На думку Мікалая Статкевіча, субота і нядзеля ў турме – самы нудны час, бо газет і лістоў не прыносяць. А ў лісце ад 2 лютага 2012 года Мікалай Статкевіч паведамляе: “Сёння праходзіў медагляд. Кардыяграма, ціск аналізы – усё ў парадку. Як бачыш, нашую пароду нічога не ўзяло”.
– Мікалай мне піша кожную сераду і для мяне яго лісты – бадай адзіная сёння найвялікшая радасць. Ён заўсёды піша аптымістычныя лісты. Я добра разумею, чаму ён так робіць. Да мяне прыходзяць сябры, грамадскія актывісты і проста неабыякавыя людзі, якія выказваюць словы падтрымкі. Мы разам перачытваем гэтыя лісты і абмяркоўваем грамадска-палітычнае жыццё, дзелімся навінамі, – паведаміў Статкевіч–старэйшы.
У сваіх лістах Мікалай Статкевіч выглядае бадзёрым і просіць свайго 86-ці летняга бацьку не ўпасці ў роспач ці дэпрэсію, бо псіхалагічны стан уплывае і на здароўе. Лепш спадзявацца на Бога і добрых людзей, чакаць хуткай сутрэчы з сынам.
Нагадаем, што кандыдат у прэзідэнты на мінулых выбарах Мікалай Статкевіч асуджаны па артыкулу аб масавых беспарадках на 6 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у дэманстрацыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года.