Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці: Анджэй Пачобут і Валер Булгакаў
Асамблея няўрадавых арганізацый правяла штогадовую цырымонію ўзнагароджання выдатных прадстаўнікоў і арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі "Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці".
У намінацыі "Грамадскі лідар" гэтым разам перамаглі дзве асобы - журналіст і блогер Анджэй Пачобут і даследчык, былы галоўны рэдактар часопіса ARCHE Валер Булгакаў.
Пра сёлетнюю прэмію распавядае кіраўнік працоўнай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч:
- Вельмі шмат падзеяў, якія хацелася б адзначыць. У журы нашага конкурса мы запрашалі 69 экспертаў, гэта сябры Рабочай групы і пераможцы мінулых гадоў. Адгукнулася 50 чалавек. І вось маем вынікі галасавання 50 экспертаў грамадзянскай супольнасці пра сваіх калегаў.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" зноў фігураваў у спісе намінантаў. Калі на мінулай цырымоніі кіраўнік цэнтру Алесь Бяляцкі стаў грамадскім лідарам году, то зараз лаўрэатам стаў адабраны ўладамі офіс "Вясны" - у намінацыі "Месца году".
Кажа паплечніца Бяляцкага Таццяна Равяка:
- У гэтым годзе зноў-такі атрымліваецца, што не пазітыўныя, а сумныя нагоды становяцца адзначэннем нашай дзейнасці – і Алеся, і “Месца года” – праваабарончы цэнтр “Вясна”, той офіс, які мы згубілі ў мінулым годзе. Я думаю, што гэта, відаць, акцэнтацыя ўвагі да тых праблемах, якія мы ўжо маем, але якія могуць быць патэнцыйна ў кожнага суб’екта, які на сённяшні дзень актыўна дзейнічае ў сферы грамадзянскай супольнасці.
Прэміі ўручаныя ў 8 намінацыях. Акрамя ўзгаданых, былі адзначаныя "Кампанія года", "Рэгіянальная падзея/акцыя года", "Крэатыў года", "Рэгістрацыя года", "Адмова года", "Новая ініцыятыва".