viasna on patreon

Вольная інфапрастора Салігоршчыны пашыраецца за кошт Інтэрнэту

2013 2013-01-30T09:37:06+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/setka-net.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Нягледзяча на жорсткую цэнзуру ў медыйнай прасторы Беларусі, салігорскія праваабаронцы адзначаюць значнае пашырэнне ўплыву вольнага слова ў рэгіёне цягам апошняга года.

На жаль, у Салігорску не з’явіліся новыя газеты ці тэлеканалы. У існуючых дзяржаўных і калядзяржаўных выданнях цэнзура зусім не зменшылася. Выканкамаўская раёнка “Шахцёр” традыцыйна ўсхваляе дзейючы палітычны рэжым ды аказвае ідэалагічную падтрымку пачынанням мясцовай “вертыкалі”. Прыватная газета “Лідэр-Прэс” працягвае ігнараваць значныя грамадска-палітычныя падзеі рэгіёну. Рэдакцыя дзяржаўнага тэлеканала СТК лезьці на ражон таксама не імкнецца. Працягвае радаваць незалежнай журналістыкай слуцкая газета “Інфа-Кур’ер”, але варта прызнаць недастатковы ўплыў гэтага друкаванага слова на Салігоршчыну.

Затое Інтэрнэт у рэгіёне за апошні год зрабіў сур’ёзны крок наперад, што не магло не адбіцца на медыйнай прасторы. Найперш салігорскія праваабаронцы адзначаюць, што ўсе згаданыя вышэй сродкі масавай інфармацыі ў поўнай меры прысутнічаюць і ў Сеціве. Да таго ж Салігоршчына прадстаўлена і буйнымі чыста інтэрнэт-праектамі. Тут варта ў чарговы раз адзначыць сайты “Электорнны Салігорск” ды САЛІГОРСК.org. І калі першы з іх ужо даўно ігнаруе грамадска-палітычную тэматыку, дык апошні стаў несумнеўным лідэрам у асвятленні вострых праблемаў рэгіёна.

Зрэшты, асноўнымі распаўсюджвальнікамі рэгіянальных навінаў сталі карыстальнікі сацыяльных сетак. Што не дзіўна, бо толькі ЎКантакце зарэгістравана больш за трыдцаць тысяч карыстальнікаў са сталіцы шахцёраў. Тут з’явіўся цэлы шэраг суполак, прысвечаных падзеям у рэгіёне. Цікава, што на дадзены момант ні ў воднай з іх фактаў цэнзуры зафіксавана не было. Крытыка мясцовых уладаў, кпіны з бязглуздых дзеянняў чыноўнікаў, палітычныя “мэмы” ды актуальныя дэматыватары сталіся штодзённасцю сацыяльных сетак. Усім гэтым ініцыятывам яшчэ трэба прайсці выпрабаванне часам. Ці здолеюць яны перарасці ў нейкія больш змястоўныя медыйныя праекты, можна будзе пабачыць у самы бліжэйшы час.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства