Сяргея Малашэнка аштрафавалі за салідарнасць з Бяляцкім на 2,5 мільёны
Гэта ўжо другі штраф, прысуджаны ў Наваполацкім гарадскім судзе мясцовым актывістам, якія, на ўзор гарадзенскіх аднадумцаў, сфатаграфаваліся з партрэтамі Алеся Бяляцкага ў руках. Пасля таго, як фотаздымкі Яўгена Парчынскага і Сяргея Малашэнка трапілі ў інтэрнэт, абодвух аштрафавалі за "несанкцыянаваную акцыю".
Яўгена Парчынскага суд аштрафаваў 24 студзеня на 500 тысяч рублёў. Сяргею Малашэнку 29 студзеня прысуджаны штраф, у пяць разоў большы –2,5 мілёны.
"За ўдзел у несанкцыянаванай акцыі мяне судзілі ўжо другі раз на працягу гэтага года. Першы штраф быў у кастрычніку за спробу вывесіць расцяжку "Свабоду палітвязням!" Тады мне прысудзілі 300 тысяч штрафу, і я абскарджваю гэтае рашэнне. Буду абскарджваць і сёння. Бо я не згодны з тым, каб за фотаздымкі судзілі і штрафавалі. Мы нікога нікуды не заклікалі, у нас не было ні плакатаў, ні транспарантаў. Мы проста фатаграфаваліся – разам з Яўгенам Парчынскім на ганках гарсуду, і я асобна – на ганках гараддзелу міліцыі. Суд угледзеў у гэтым "несанкцыянаваную акцыю", -- кажа Сяргей Малашонак.
Актывіст гаворыць, што іх са спадаром Парчынскім учынак быў свядомым: яны хацелі выказаць салідарнасць з палітвязнем Алесем Бяляцкім, таму фатаграфаваліся з ягоным партрэтам. Таксама выказвалі салідарнасць і з гарадзенскімі праваабаронцамі, якіх за падобныя фотаздымкі, размешчаныя ў інтэрнэце, аштрафавалі 5 студзеня.