Аштрафаваныя свіслацкія актывісты падаюць скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН
Свіслацкія грамадскія актывісты Віктар Дзесяцік і Анатоль Валюк падаюць скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН. Не знайшоўшы аб’ектыўнага разгляду сваіх касацыйных скаргаў па адміністрацыйных справах у Гарадзенскім абласным судзе, яны дабіваюцца справядлівасці ў міжнароднай інстанцыі. Нагадаем, што 27 лістапада 2012 года суддзя Свіслацкага раённага суда Жана Салагубік асудзіла Анатоля Валюка, Віктара Дзесяціка і Юрыя Глебіка да штрафу ў 10 базавых велічынь кожнага. Юрый Глебік пасля разгляду сваёй скаргі абласным судом падаў яшчэ скаргу ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь, адкуль пакуль не атрымаў адказу. Яшчэ адзін з аштрафаваных за ўдзел у Дні памяці паўстанцаў 1863 года, які прайшоў 27 кастрычніка мінулага года ў Свіслачы, гарадзенец Віталь Лопасаў яшчэ раней падаў скаргу ў КПЧ.