За фатаграфаванне з партрэтам Бяляцкага аштрафавалі і ў Наваполацку
Мясцовы актывіст Яўген Парчынскі аштрафаваны на 500 тысяч рублёў. Яго прызналі вінаватым у правядзенні несанкцыянаванай акцыі. Працэс над актывістам вёў асабіста старшыня Наваполацкага гарадскога суду Пётр Ляўчонак, які і вырашыў, што фатаграфаванне з партрэтам Алеся Бяляцкага ў руках – гэта парушэнне заканадаўства пра вулічныя масавыя мерапрыемствы.
"Я не спрачаўся. Пыталіся, ці фатаграфаваўся з партрэтам Бяляцкага, казаў – так, фатаграфаваўся. На знак салідарнасці з ім. А фотаздымкі размяшчаў і інтэрнэце яшчэ і на знак салідарнасці з гарадзенскімі праваабаронцамі, якіх 5 студзеня таксама аштрафавалі за падобныя фота ў інтэрнэце", -- распавёў Яўген Парчынскі, рэдактар мясцовага незалежнага сайта freeregion.info.
Адначасова з Яўгенам Парчынскім судзілі і наваполацкага актывіста, аргкамітэта па стварэнні парті БХД Сяргея Малашонка. Яго справу разглядала суддзя Зоя Балаболава – яна ж аштрафавала актывіста 9 кастрычніка мінулага году, калі Сяргей Малашонак быў затрыманы за спробу вывесіць расцяжку "Свабоду палітвязням!"
Суддзя задаволіла хадайніцтва актывіста наконт замовы адваката і наступнае пасяджэнне прызначыла на 29 студзеня.
"Буду даводзіць, што наша фатаграфаванне – гэта не масавая грамадская акцыя. Мы рабілі гэта для сябе, і мы не спрабавалі прыцягнуць гэтым увагу грамадскасці. Інакш можна судзіць усіх, хто сфатаграфуецца ўжо не са здымкам Алеся Бяляцкага, а скажам, з выявай Аляксандра Лукашэнкі. А што да размяшчэння фотаздымкаў і інтэрнэце – дык гэта ўжо ніяк не доказ таго, што мы парушылі заканадаўства пра вулічныя акцыі", -- гаворыць Сяргей Малашонак.
У якасці доказаў ягонага правапарушэння суддзя разглядала фотаздымкі, зробленыя на ганках гарадскога аддзела міліцыі, і разам з Яўгенам Парчынскім – на ганках гарадскога суду. Абодва актывісты трымалі ў руках партрэты Алеся Бяляцкага.