Андрэй Гайдукоў сустрэўся з адвакатам
Арыштаваны КДБ моладзевы актывіст з Наваполацка Андрэй Гайдукоў сустрэўся з адвакатам у следчым ізалятары КДБ у Менску. Па словах яго маці Вольгі Гайдуковай, трымаецца ён нармальна, выглядае добра, са здароўем праблем не мае. У рэшце рэшт атрымаў пасылку ад родных. Таксама пачаў атрымліваць газеты, на якія яго падпісалі родныя. Гэта "Народная Воля", "Белгазета" і "Наша Ніва".
Па звестках маці, ніякіх следчых дзеянняў з яе сынам у апошні час не праводзіцца. Яна кажа, што пазіцыя Андрэя не мяняецца – ён не прызнае сваёй віны. 23-гадовы Гайдукоў абвінавачваецца ў здрадзе дзяржаве ў форме вядзення агентурнай дзейнасці.
– У яго сваё меркаванне, ён у апазіцыя. Гэта ўсё, а якая віна! Ніхто з нашага бліжэйшага атачэння і наогул ніхто з разважных людзей, па-мойму, у гэта не верыць. Гэта смешна проста. Што там лепяць мы не ведаем, вядома. Віну сваю ён не прызнае і не прызнае, нават калі там невядома пад якім ціскам нешта будзе, то ніхто ў гэта ўсё роўна не паверыць, тым больш што мы бацькі нават не сумняваемся ў тым, што ён не вінаваты.
КДБ раней заяўляў, што Гайдукоў быў затрыманы ў момант закладкі тайніку са звесткамі палітычнага і эканамічнага характару, якія цікавяць замежныя спецслужбы.
Гайдукоў працаваў на Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе. Адначасова займаўся грамадскай дзейнасцю. Быў адным са стваральнікаў "Саюзу маладых інтэлектуалаў". Падчас прэзідэнцкіх выбараў уваходзіў у каманду Андрэя Саннікава.
Па крымінальнай справе ў якасці падазраваемага таксама праходзіць сябра Гайдукова і ўдзельнік "Саюзу маладых інтэлектуалаў" Ілля Багданаў.