viasna on patreon

Алесь Бяляцкі ўвайшоў у шорт-ліст прэміі арганізацыі “Індэкс цэнзуры”

2013 2013-01-22T18:34:39+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_sud3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Вядомы беларускі праваабаронца з’яўляецца адным з прэтэндэнтаў на штогадовую ўзнагароду брытанскай арганізацыі Index on Censorship (“Індэкс цэнзуры”) у намінацыі “Адстойванне пазіцыі”.

“Алесь Бяляцкі з’яўляецца выбітным праваабаронцам, які прысвяціў сваё жыццё дапамозе ахвярам парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі”, – гаворыцца ў паведамленні “Індэкса цэнзуры”.

Штогадовая Прэмія Свабоды Выказвання “Індэкса цэнзуры” сёлета будзе ўручацца ў 13-ы раз. Ею адзначаюцца журналісты, блогеры, онлайн-актывісты, праваабаронцы і мастакі, якія змагаюцца супраць цэнзуры ў любых яе праявах па ўсім свеце.

“Гэта людзі, якія знаходзяцца на своеасаблівай “лініі фронту” барацьбы за свабоду слова; ім даводзіцца адчуваць гвалт, пагрозы і зняволенне за свае перакананні, – гаворыцца ў заяве арганізацыі. – Адзначаючы іх дасягненні, мы спадзяемся звярнуць увагу сусветнай супольнасці да пагрозаў свабодзе выказвання, якія існуюць у сённяшнім свеце, – ад наўпроставай цэнзуры, скрыцця пераследу і празмернага ўжывання заканадаўства да онлайн-цэнзуравання, рэлігійнага і культурнага ціску, а таксама браку доступа да інфармацыі”.

Разам з Алесем Бяляцкім на ўзнагароду ў намінацыі “Адстойванне пазіцыі” Прэміі Свабоды Выказвання “Індэкса цэнзуры” сёлета прэтэндуюць 15-гадовая актывістка за правы на адукацыю Малала Юсафзай з Пакістана, брытанская ініцыятыва “Hillsborough Family Support Group” і моладзевы рух “Girifna” з Судана.

Акрамя гэтага, узнагароды будуць уручаныя ў намінацыях “Журналістыка”, “Лічбавая свабода” і “Мастацтва”.

“Сёлетнія намінанты – гэта людзі, якія праявілі надзвычаную мужнасць у выказванні сваіх поглядаў, барацьбе з цэнзурай і несправядлівасцю, шмат хто з іх робіць гэта ў вельмі скаладаных умовах”, - адзначыла выканаўчы дырэктар “Індэкса цэнзуры” Кірсці Х’юз.

Лаўрэаты прэміі будуць вызначаныя на гэтым тыдні. Уганараванне адбудзецца ў Лондане 21 сакавіка.

Index on Censorship — міжнародная арганізацыя са штаб-кватэрай у Лондане, мэтай якой з'яўляецца падтрымка свабоды выказвання. З дапамогай кампаній і публікацый Index on Censorship кідае выклік усяму, што пагражае свабодзе выказвання, і дае слова журналістам, пісьменнікам, мастакам і актывістам, чыя свабода слова была парушана. Цягам некалькіх апошніх гадоў арганізацыя актыўна займаецца сітуацыяй у Беларусі, надаючы асаблівую ўвагу свабодзе выказвання ў краіне. Сярод апошніх дасягненняў – апублікаваны нядаўна аналітычны даклад аб цэнзуры ў беларускім інтэрнэце.

 

Па дадатковую інфармацыю можна звяртацца да Андрэя Аляксандрава, супрацоўніка “Індэкса цэнзуры” па Беларусі і рэгіёну АБСЕ (email: andrei@indexoncensorship.org, тэлефон +44 7528453107)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства