viasna on patreon

Выставу пра БНР у Празе адчынілі. У Менск – не пусьцілі

2013 2013-01-18T11:53:28+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fb56acb9-ca1e-4495-b78b-02847aade921_w268_r1.jpg
На адкрыцьці выстава прамаўляе Юрась Бачышча (зьлева)

На адкрыцьці выстава прамаўляе Юрась Бачышча (зьлева)

У памяшканьні Нацыянальнай бібліятэкі ў Празе адчынілася выстава «Невядомая Беларуская Народная Рэспубліка».

Невялікае памяшканьне Славянскай бібліятэкі ня здолела ўмясьціць усіх, хто прыйшоў на адкрыцьцё выставы -- ахвотных сабралася каля ста чалавек, і некаторым давялося слухаць прамовы на адкрыцьці, стоячы на сходах.

Першым выступіў дырэктар Славянскай бібліятэкі (якая ёсьць часткай Нацыянальнай бібліятэкі Чэхіі) Лукаш Бабка і пасьля ён даў слова прадстаўніку ЭГУ Юрасю Бачышчу.

Спадар Бачышча распавёў пра гістарычныя сувязі паміж Чэскай Рэспублікай і Беларусьсю, пачынаючы са сьв. Ераніма Праскага, які нёс слова Боскае на беларускія землі, а пазьней пра дапамогу рыцараў у змаганьні чэскага народу з крыжакамі. Як сказаў сп. Бачышча, гэта было "змаганьне за рэлігійную свабоду, якая ёсьць падмуркам любой свабоды". Потым гэтыя сувязі працягваліся праз дзейнасьць Францыска Скарыны, які надрукаваў у Празе  першы беларускі пераклад Бібліі і перайшлі праз стагодзьдзі да часоў БНР, якую падтрымала маладая Чэхаславацкая Рэспубліка, і цягнецца да цяперашняга часу, калі ўрад Чэскай Рэспублікі падтрымлівае змаганьне беларускага народу за свабоду і дэмакратыю.

Спадар Бачышча сказаў, што прыкметна, што менавіта ў Празе знаходзіцца рэдакцыя беларускай службы Радыё Свабода, якая ёсьць сёньня, як ён выказаўся, найлепшай крыніцай аб'ектыўнай інфармацыі пра падзеі ў Беларусі.

Сярод экспанатаў выставы, якую стварыў сябра Рады БНР Юрась Юркевіч  - выявы раней невядомых дакумэнтаў Івана і Антона Луцкевічаў. Таксама ліст Язэпа Драздовіча Віленскаму беларускаму музэю імя Івана Луцкевіча з прапановай набыць ягоныя творы. Ліст датуецца 22 красавіка 1932 году. На выставе ёсьці і матэрыялы Таварыства беларускай школы, а таксама дакумэнты, прысьвечаныя  беларускай вайсковай справе 1918-1920 гг.

У адкрыцьці выставы ўзяў удзел і амбасадар Літвы ў Чэскай РэспубліцыАўрымас Таўрантас.

​​Арганізатары выставы спрабавалі правесьці яе і ў Менску. І, як яны расказваюць, частка экспанатаў - копіі гістарычных дакумэнтаў на плякатах - была затрыманая на літоўска-беларускай мяжы, і гэтыя экспанаты не пусьцілі ў Беларусь, патлумачыўшы, што яны былі не належна аформленыя.

На адкрыцьці выставы прысутнічаў і першы сакратар амбасады Беларусі ў Празе Валянцін Шпак. На пытаньне Радыё Свабода пра тое, ці ёсьць шанцы для гэтай выставы патрапіць у Менск, ён адказаў, што шанцы заўсёды ёсьць, але на пытаньне, чаму тады экспанаты выставы не пусьцілі ў Беларусь, ён адказаў, што, відаць, арганізатары недакладна аформілі дакумэнты і што гэта была чыста тэхнічная праблема.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства