viasna on patreon

Салігорск: работнікі "Зялёнага бору" шукаюць праўды ў кабінетах чыноўнікаў

2013 2013-01-18T10:14:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chynounik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Больш за паўсотні работнікаў салігорскага Дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтру “Зялёны бор” звярнуліся па абарону сваіх правоў у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Копіі свайго звароту пакрыўджаныя чыноўнікамі працаўнікі накіравалі таксама ў Камітэт дзяржаўнага кантролю ды на “гарачую лінію” тэлеканала АНТ.

Як ужо паведамлялася раней, праз лукашэнкаўскі загад аб пашырэнні Рэспубліканскай бальніцы спелеалячэння ўладамі было вырашана далучыць да гэтай установы і цэнтр “Зялёны бор”. Паспешлівае выкананне нечаканага рашэння кіраўніка дзяржавы самым негатыўным чынам адбілася на працоўным калектыве аздараўленчага цэнтру ды на яго наведвальніках.

Дзеці ды педагогі новага заезду адразу адчулі на сабе гэтыя пераўтварэнні. Цяпер ужо медыцынскай установай не прадугледжваюцца дзіцячыя гурткі, спартовыя спаборніцтвы, цікавыя мерапрыемствы ды нават дыскатэкі. Педагогам даводзіцца забаўляць дзяцей без канцтавараў, прызоў ды музычнага суправаджэння.

Ёсць і больш важкія наступствы бяздумных рашэнняў. У Беларусі каля 10 тысяч дзяцей маюць патрэбу ў спелеалечэнні. Яны гадамі чакаюць ўнікальнальнай і дарагой медыцынскай дапамогі. Але ў “Зялёны бор” па-ранейшаму едуць толькі прадстаўнікі раёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Большасць з іх не мае вострай неабходнасці ў атрыманні гэткага віду лячэння. Набор па-ранейшаму ажыццяўляецца праз Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні. А гэта азначае, што пры адборы не ўлічваюцца медыцынскія супрацьпаказанні  ды ўзроставае абмежаванне ў 14 год для спуска ў шахты, не атрымліваецца інфармаваная згода бацькоў на спуск дзіцяці ў падземнае аддзяленне.

Што да саміх работнікаў “Зялёнага бору”, дык з 28 снежня па 9 студзеня з-за змены ўласніка многія з іх вымушаны былі пайсці ў адпачынак за свой кошт. Але і пасля гэтага сітуацыя з іх працоўнымі правамі не змянілася. Ніхто з работнікаў па-ранейшаму не азнаёмлены з загадам аб прыняцці на працу да новага наймальніка, з новым палажэннем аб аплаце працы, а таксама іншымі істотнымі ўмовамі кантрактаў, як то рэжымам працы, нормамі працоўнага часу, сістэмай прэміравання і іншых стымулюючых выплат, працягласцю адпачынку. У людзей паўсталі рэальныя асцярогі ў тым, што новыя кантрактныя дамовы значна зменяць ўмовы іх працы не ў лепшы бок.

Ужо цяпер для супрацоўнікаў цэнтру адмянілі гарачае харчаванне, хоць яны не маюць магчымасці схадзіць на абед дадому ці ў кафэ, бо працуюць далёка за горадам. У сталовай скарацілі штат да таго, што людзі не паспяваюць накрываць на сталы. Цяпер на 200 чалавек працуе ўсяго адна афіцыянтка.

Не пачаліся ў карпусах і абяцаныя новай адміністрацыяй рамонтыя працы. У гэты ж час закуплены і ўстаноўлены ў адзін з карпусоў новыя ложки і камоды. Але на фоне адсутнасці элементарнай утульнасці ў старых памяшканнях новая мэбля выглядае наўпрост карыкатурна. 

У чаканні адказаў ад чыноўнікаў на ўзнятыя вышэй пытанні, па словах саміх работнікаў, прблемы пачынаюць назапашвацца, як снежны ком.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства