Брэст: судовы працэс над Віталем Каўшом перанесены на 27 снежня
Грамадскі актывіст, якога памежнікі вінавацяць у “спрыянні незаконнай міграцыі”, хадайнічаў аб магчымасці больш глыбока азнаёміцца з матэрыяламі справы. Суддзя Брэсцкага раённага суда Мікалай Сенька гэтае хадайніцтва задаволіў і прызначыў разгляд на 27 снежня.
Нагадаем, што 28-гадовага ўдзельніка шэрагу палітычных кампаній 1 верасня невядомыя асобы затрымалі з ужываннем сілы на вачах у жонкі і сына, а пасля некалькі дзён пра лёс Віталя Каўша нічога не было вядома. Пазней высветлілася, што маалды чалавек знаходзіцца ў следчым ізалятары №7 і супраць Віталя высунутае абвінавачванне, што мінулым летам ён дапамагаў грамадзянам Індыі незаконна трапіць з Беларусі ў Польшчу.
Справа набыла гучны рэзананс, калі пра яе пачало ўзгадваць Беларускае тэлебачанне, у сюжэтах якога Коўш быў названы злачынцам. Увосень у Інтэрнэт трапіў відэаролік з тлумачэнямі дэпартаваных з Беларусі індусаў, якія сцвярджалі, што з дапамогай катаванняў іх прымусілі ўзвесці паклёп на невядомых людзей. Як паведміў тады адзін з грамадзян Індыі, “памежнік падымаў мне руку, каб я паказаў на дом”. У гэтым доме, як высветлілася, жыла сям’я Віталя Каўша.