Актывіст Свабоднага прафсаюза, былы кіраўнік арганізацыі Партыі БНФ у Барысаве Анатоль Аскерка звольнены
Анатоль Аскерка быў звольнены з беларуска-нямецкага сумеснага прадпрыемстве “Фрэбор”. Пра гэта прэс-цэнтру Хартыі’97 паведаміў барысаўскі актывіст апазіцыі Зміцер Бародка. Цікава, што дырэктарам СП, адкуль звольнілі Аскерку, нядаўна стаў былы старшыня Барысаўскага гарвыканкама Васіль Бургун.
Пасля таго, як на чале беларуска-нямецкага прадпрыемствам стаў Васіль Бургун, з працаўнікамі пачалі заключаць працоўныя кантракты. З большасцю працоўных прадпрыемства кантракты былі заключаныя на тэрмін ад 3 да 5 гадоў. Аднак палітычна актыўнаму слесару Анатолю Аскерку кіраўніцтва “Фрэбора” прапанавала працоўны кантракт на адзін год.
Анатоль Аскерка адпрацаваў на прадпрыемстве 15 гадоў, таму ён законна патрабаваў, каб з ім заключылі кантракт на 5 гадоў. Аднак Васіль Бургун адмовіўся гэта зрабіць. Кантракт заключаны не быў, і Анатоль Аскерка страціў працу.
Актывіст Свабоднага прафсаюза звязвае незаключэнне з ім кантракту з “асабістай помстай” былога кіраўніка горада.