Горкі: дэмакратычныя актывісты будуць дамагацца аднаўлення помніка Янку Купалу
Дэмакратычныя актывісты Горацкага раёна намераны пастаянна нагадваць мясцовым уладам аб неабходнасці аднаўлення памятнай пліты ў гонар класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. Пра гэта паведаміла рэдактар незалежнай газеты “Узгорак” Галіна Будная.
Памятную пліту прыбралі з месца пастаяннага знаходжання напярэдадні “Дажынак” без усялякага грамадскага абмеркавання. А была ўсталяваная памятная пліта ў 2003 годзе за акадэмічнай бібліятэкай, якую неаднаразова наведваў Янка Купала.
Нагадаем, што 2012 год аб’яўлены ў Беларусі Годам кнігі, да таго ж сёлета адзначаецца 130-гадовы юбілей Янкі Купалы.
“Прарэктар БДСГА Аляксандр Салянік патлумачыў мне, што памятную пліту прыбралі, таму што там пастаянна збіраліся выпівохі, яны неаднаразова выварочвалі помнік з зямлі, - распавядае Галіна Будная. – Наколькі я ведаю, улады не паспявалі да “Дажынак” навесці патрэбны парадак на гэтым месцы, таму і прыбралі помнік, каб праблема знікла. Безумоўна, месца, дзе стаяла памятная пліта, не вельмі ўдалае, як кажуць – ні к сялу ні к гораду. Аднак пасля “Дажынак” прайшло даволі шмат часу, можна ж было знайсці для помніка годнае месца. Аляксандр Салянік паабяцаў мне, што месца будзе знойдзена і помнік Купалу будзе адноўлены. Мы будзем пра гэта яму пастаянна нагадваць. Учора я размаўляла з загадчыцай акадэмічнага музея Таццянай Лосевай, яна таксама сказала, што для памятнай дошкі, магчыма, будзе знойдзена новае месца. Сумна, што ў Горках такім чынам ушанавалі памяць паэта якраз у год яго 130-гадовага юбілею”…
Нагадаем, што напярэдадні “Дажынак” у Горках, нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў, быў разбураны дом, у якім жыў другі класік беларускай літаратуры – Максім Гарэцкі.