viasna on patreon

Партрэт праваабаронцы: Леанід Судаленка (фота)

2012 2012-10-26T23:09:00+0300 2013-11-28T12:22:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudalenka-gomel-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Судаленка з сям'ёй

Леанід Судаленка з сям'ёй

Як і чаму прыходзяць людзі ў праваабарончую дзейнасць у Беларусі? Краіне, дзе на самым вышэйшым узроўні гаворыцца, што правы чалавека – гэта права жыць і працаваць, мець заробак. Краіне, дзе апошнія гады заўсёды не пустуюць месцы ў турмах для зняволеных па палітычных матывах. Краіне, дзе даўно забыліся, што такое справядлівыя і свабодныя выбары. Адзінай краіне на еўрапейскім кантыненце, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. Адзінай краіне на кантыненце, жыхары якой не маюць права звяртацца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека, дзе няма ўпаўнаважанага пра правах чалавека. Краіне, дзе за праваабарончую дзейнасць садзяць у турму, як гэта адбылося з Алесем Бяляцкім. Што дае людзям праваабарончая дзейнасць, акрамя праблемаў з уладамі, што прываблівае ў гэтай важнай, але ў нашай краіне нават небяспечнай працы? Аб гэтым мы гутарым з вядомым гомельскім праваабаронцам Леанідам Судаленкам. У сферы абароны правоў чалавека ён працуе каля дзесяці гадоў. А пачыналася гэта праца з асабістага: за актыўную грамадскую дзейнасць ён двойчы пазбаўляўся працы, а грамадскае аб'яднанне, дзе потым працаваў юрыстам, было ліквідавана праз суд. Але пра ўсе па парадку.

Леанід Судаленка – прафесійны юрыст, скончыў адпаведны факультэт ГДУ ім.Ф.Скарыны. На пачатку 2000-х гадоў працаваў юрысконсультам ААТ «Локан», затым узначальваў юрыдычную службу Гомельскага ўпраўлення «Белтрансгаз». У тую ж пару вядомы палітык Віктар Карнеенка, на той час старшыня грамадскага аб'яднання «Грамадзянскія ініцыятывы», прапанаваў працаваць юрыстам ў аб'яднанні.

З таго часу пачаў актыўна цікавіцца правамі чалавека, прайшоў адмысловы курс навучання ў Хельсінскім фондзе ў Варшаве ў школе пра правах чалавека, і тады ж пачаў пісаць індывідуальная скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН на парушэнне тых ці іншых правоў, якая гарантуюцца Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, - успамінае наш суразмоўца.

У 2002 годзе ён ўзначаліў створанае ў Гомелі аддзяленне грамадскага аб'яднання «Прававая ініцыятыва», і да сённяшняга дня з'яўляецца яго старшынёй. Актыўная грамадская і праваабарончая дзейнасць не магла застацца па-за ўвагай уладаў, якія адрэагавалі так, як звычайна прызвычаіліся дзейнічаць: звальненнем з працы.

- У 2006 годзе са мной у Гомельскім упраўленні «Белтрансгаз» не працягнулі працоўны кантракт, лічу, менавіта з-за маёй актыўнай грамадскай і праваабарончай дзейнасці. Я страціў працу, і з таго часу, менавіта з 2006 года, увесь свой час – працоўны і вольны, прысвяціў непасрэдна абароне правоў чалавека», - адзначае Леанід Леанідавіч.

Ці шкадуе ён пра страту працы, прычым на такім прадпрыемстве – з высокім заробкам, сацыяльным пакетам, магчымасцямі кар'ернага росту?

- Канечне, заробак на Белтрансгазе у той час і зараз, напэўна, быў ў некалькі разоў вышэйшы за сярэдні па краіне, я страціў па тых мерках добры заробак. Але тым не менш, я аб гэтым не шкадую. Паколькі не ўсе ж у жыцці вымяраецца грашыма. Можна мець добры заробак, але хадзіць на працу як на катаргу, працаваць без задавальнення, а можна на працу хадзіць як на свята пры гэтым мець меншы заробак. А праваабаронцы наогул не маюць заробку. Я з'яўляюся прававым інспектарам незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) па Гомельскай вобласці, і там атрымліваю 0,5 стаўкі свайго заробку, а астатні час працую па абароне правоў чалавека, - тлумачыць праваабаронца.

Ён шмат зрабіў дзеля таго, каб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі былі прызнаны Камітэтам па правах чалавека ААН. Першая скарга, якую падрыхтаваў Леанід Судаленка ў Камітэт ААН, тычылася ліквідацыі ў судовым парадку Гомельскага грамадскага аб'яднання «Грамадзянскія ініцыятывы». А на цяперашні час, за дзесяць гадоў, з дапамогай праваабаронцы ў Камітэт былі пададзены звыш 70 індывідуальных паведамленняў на парушэнні правоў чалавека, 33 з гэтых скаргаў на сённяшні дзень зарэгістраваны ў Камітэце і чакаюць свайго разгляду. 11 паведамленняў з гэтых 70 былі разгледжаны Камітэтам і былі ўстаноўлены парушэнні тых ці іншых правоў.

Вяртаючыся да першай скаргі, наконт ліквідацыі ў судовым парадку «Грамадзянскіх ініцыятыў». Камітэт яе разглядзеў і прыйшоў да высновы, што Рэспубліка Беларусь, ліквідаваўшы ў судовым парадку дадзенае аб'яднанне, парушыла права як яго старшыні, так і сяброў аб'яднання, на свабоду асацыяцыі, аб'яднання з іншымі. І Рэспубліка Беларусь павінна, у адпаведнасці з дадзеным рашэннем, аднавіць дзяржаўную рэгістрацыю аб'яднання, паколькі яно было незаконна ліквідавана, а таксама не дапускаць у будучым такіх парушэнняў. Падобнае рашэнне прыняў Камітэт ААН і пра скарзе наконт канфіскацыі ў 2001 годзе ў «Грамадзянскіх ініцыятыў» шасці камп'ютэраў.

- Камітэт прызнаў дадзеныя факты парушэннем і абавязаў Рэспубліку Беларусь не толькі вярнуць канфіскаваную тэхніку, ці выплаціць альтэрнатыўны кошт тэхнікі, але і змяніць Дэкрэт прэзідэнта аб замежнай бязвыплатнай дапамозе, на падставе якога і была канфіскавана тэхніка. Камітэт канкрэтна устанаўлівае парушэнні і прапаноўвае крокі для таго, каб аднавіць парушаныя правы. У дадзеным выпадку наша скарга ў ААН пацягнула за сабой неабходнасць зменаў у нацыянальным заканадаўстве, а гэта ўжо не што іншае, як перамога індывіда над дзяржавай, - удакладняе праваабаронца. -- Але, на жаль, наша краіна пакуль не клапоціцца аб сваім іміджы на міжнароднай арэне, і пакуль лічыць, што рашэнні Камітэту па правах чалавека ААН носяць рэкамендацыйны характар. Але наша краіна з'яўляецца адзінай на еўрапейскім кантыненце, і не толькі на еўрапейскім, якая так лічыць. Нават Канстытуцыйны Суд Расійскай Федэрацыі разгледзеў скаргу грамадзяніна на невыкананне з боку РФ рашэння Камітэту, і КС сказаў, што калі Расія не будзе выконваць рашэнні Камітэта — гэта можна будзе расцэньваць як адмову Расіі ад выканання правоў і свабодаў кожнага грамадзяніна. Мы бачым, што наш бліжэйшы саюзнік ідзе па шляху выканання рашэнняў Камітэту ААН. Пытанне выканання прынятых ужо рашэнняў па скаргах беларускіх грамадзян з'яўляецца пытаннем часу. Думаю, што рашэнні Камітэту па правах чалавека ААН будуць у Беларусі выкананы, я ў гэтым больш чым упэўнены, прыйдзе такі час, - падкрэслівае Леанід Судаленка.

На сённяшні дзень па скаргах беларускіх грамадзян Камітэт ААН прыняў каля 140 рашэнняў, у якіх канстатаваў тыя ці іншыя парушэнні правоў — гэта з 1992 году, калі беларусы атрымалі права скардзіцца ў Камітэт ААН па правах чалавека. У 1992 годзе Беларусь ратыфікавала факультатыўны пратакол да міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і прызнала тым самым кампетэнцыю Камітэта разглядаць індывідуальныя скаргі на парушэнні правоў чалавека. Колькасць скаргаў з кожным годам узрастае, і сёння беларусы актыўна скардзяцца ў Камітэт ААН.

- Праблема невыканання правоў чалавека ў РБ сёння актыўна абмяркоўваецца, многія праваабаронцы ўмеюць пісаць і падаваць дадзеныя скаргі на парушэнне правоў, - зазначае суразмоўца.

Дзякуючы праграме, якую арганізавала сетка Дамоў правоў чалавека ў Вільні, у Гомелі паўстала ініцыятыва «Цэнтр стратэгічнай цяжбы».

- Мы з калегамі стварылі такую ініцыятыву ў Гомелі, у межах якой мы праз абарону правоў чалавека намагаемся дабіцца зменаў не толькі норм самога нацыянальнага заканадаўства, але і практыкі яго прымянення. У гомельскага Цэнтра стратэгічнай цяжбы ў гэтай частцы ўжо ёсць станоўчыя моманты, калі па скаргах, падрыхтаваных нашай арганізацыяй, Камітэт ААН рэкамендаваў беларускім уладам змяніць нормы нацыянальнага заканадаўства. Гэта і справа «Карнеенка супраць Беларусі», калі Камітэт раіў змяніць Дэкрэт прэзідэнта аб замежнай дапамозе, і справа «Шумілін супраць Беларусі», па выніках разгляду якой Камітэт раіў беларускім уладам змяніць нормы нацыянальнага закону аб масавых мерапрыемствах і іншыя. Мы бачым канкрэтныя вынікі сваёй працы. Канчатковая мэта — гэта змяненне норм нацыянальнага заканадаўства ці практыкі яго прымянення, і мы дамагаемся гэтых мэтаў, - распавядае праваабаронца.

Асноўныя парушэнні правоў чалавека, якія фіксуюцца ў Гомельскай вобласці, і па якіх Камітэт ААН станавіўся на бок заяўнікаў – гэта дыскрымінацыя па палітычных матывах, права на доступ да дзяржаўнай службы праз права выбірацца і быць выбраным, права на мірныя сходы, асацыяцыі з іншымі, права на распаўсюджванне і атрыманне інфармацыі.

- Беларуская судовая сістэма не з'яўляецца незалежнай. Толькі ў Гомелі за апошнія пяць-сем гадоў гарвыканкам не даў дазвол на правядзенне звыш 100 мірных сходаў – пікетаў і мітынгаў. І заўсёды суд станавіўся не на наш бок, а на бок уладаў. І заўсёды, па нашых скаргах, Камітэт ААН прызнаваў, што ў дадзеных выпадках парушаецца права на мірныя сходы. Гэта яскрава кажа пра тое, што суды не з'яўляюцца незалежнымі, - даводзіць праваабаронца.

Што тычыцца дыскрымінацыі па палітычных матывах, то з гэтым сутыкнуўся і сам Леанід Судаленка. На парламенцкіх выбарах у 2004 годзе акруговая камісія адмовілася зарэгістраваць яго кандыдатуру па фармальных прычынах. Камітэт ААН пасля разгляду скаргі праваабаронцы прыйшоў да высновы, што дадзеная адмова ў рэгістрацыі – дыскрымінацыйная.

У Беларусі зараз зноў вярнуліся да абмеркавання тэмы ўвядзення інстытуту ўпаўнаважанага па правах чалавека. Леанід Судаленка скептычна ставіцца да ўвядзення такой пасады ў цяперашніх умовах, і пры цяперашнім палітычным ладзе ў краіне.

- Канечне, гэта пытанне даўно ўжо наспела. Даўно трэба было ўвесці гэты інстытут, але зноў жа - пры сённяшняй сістэме ўлады, пры адносінах вышэйшага кіраўніцтва краіны да дадзенага інстытута, думаю, фармальна уводзіць яго не трэба. Паколькі сам прэзідэнт заяўляе, што пракурор з'яўляецца галоўным упаўнаважаным па правах чалавека, і больш нам і не трэба. І такія адносіны кіраўніка дзяржавы да правоў чалавека, калі ён кажа, што права на жыццё і працу — гэта усе правы? Інстытут па правах чалавека павінен уводзіцца як незалежны ад дзяржавы і ўлады. А калі гэта ініцыятыва будзе ісці ад адміністрацыі прэзідэнта — дык лепш не ўводзіць такі інстытут. І зноў жа - упаўнаважаны па правах чалавека павінен валодаць рэальнымі, а не папяровымі паўнамоцтвамі, і яго рашэнні павінны абавязкова выконвацца, а ў супрацьлеглым выпадку гэта будзе прафанацыя, як тыя Саветы пры прэзідэнце. Давайце ўявім, што ёсць упаўнаважаны па правах чалавека, які будзе знаходзіцца ў Мінску, на Карла Маркса, і які будзе займацца фармальнымі адпіскамі — нашы скаргі будзе накіроўваць у іншыя органы, на якія мы і скардзімся. Падсумоўваючы: упаўнаважаны патрэбны, але ў сённяшніх умовах гэта немагчыма па вышэйзгаданых прычынах, - разважае суразмоўца.

З тым, што актыўная грамадская і праваабарончая дзейнасць цягне ў Беларусі за сабой шэраг праблемаў, і ціску з боку ўладаў, сутыкнуўся не толькі сам праваабаронца, але і яго сям'я. Напрыклад, жыццё сям'і Леаніда Судаленкі знаходзіцца пад пільнай увагай падатковай. Ужо не першы раз падатковая патрабуе дэкларацыі аб прыбытках, прычым не толькі ў праваабаронцы, але і ў яго жонкі, а таксама ў 2012 годзе запатрабавалі дэкларацыю і ў яго старэйшага сына, які зараз служыць у войску. Падатковая нават ведае дакладна, колькі грошай кладзе на мабільныя тэлефоны – свой, жонкі і дзяцей Леанід Судаленка.

У 2010 годзе, пасля прэзідэнцкіх выбараў, у кватэру да праваабаронцы ўварваліся з вобшукам супрацоўнікі КДБ. Іх цікавіла ўсе – нават адзенне і бялізна жонкі, якую яны выварочвалі з шафаў на вачах дзяцей (а ў сям'і – чацвёра сыноў, адзін дарослы і трое непаўналетніх).

- Канечне, і жонцы, і дзецям гэта было непрыемна, мякка кажучы. Мой сын плакаў, калі ў яго супрацоўнікі КДБ забралі камп'ютар. Ён цэлае лета працаваў у вёсцы, у бабулі, каб зарабіць на той камп'ютар, а тут уварваліся нейкія дзядзькі і забралі яго. Ён плакаў і казаў: пакіньце камп'ютар, гэта мой, я сам на яго зарабіў! Але дарма. Я вельмі ўдзячны сваёй жонцы, сям'і, за падтрымку і паразуменне, якое я маю з іх боку, - дадае Леанід Судаленка.

 

 

Леанід Судаленка і Анатоль Паплаўны. Акцыя ў падтрымку Алеся Бяляцкага
акцыя пасля арышту А. Бяляцкага
ліст Леаніду Судаленку ад Алеся Бяляцкага
Л. Судаленка падчас акцыі "Скажы НЕ смяротнаму пакаранню"
Л. Судаленка і А. Мілінкевіч падчас сустрэчы з выбаршчыкамі ў Хойніках
Л. Судаленка з Гары Паганяйлам у Жэневе
Л. Судаленка з сябрамі Харкаўскай праваабарончай групы (Украіна)
Л. Судаленка ў Камітэце па правах чалавека ААН
В. Стэфановіч, А. Волчак, Л. Судаленка -- ганаровыя грамадзяне г. Пенсакол
Л. Судаленка ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека. Страсбург
Л. Судаленка і У. Лабковіч на судзе па ліквідацыі "Грамадзянскіх ініцыятыў"
Л. Судаленка, А. Гулак, Г. Паганяйла, П. Левінаў. Навучальны візіт у Страсбург

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства