Гамяльчанін адсудзіў 50 млн. рублёў кампенсацыі за незаконнае асуджэнне і адбыццё пакарання
23 кастрычніка суд Чыгуначнага раёна Гомеля вынес рашэнне па грамадзянскай справе былога ўрача-псіхіятра, жыхара Гомеля Яўгена Дзедушкіна. Па рашэнню суда, дзяржава павінна выплаціць яму 50 мільёнаў рублёў – грашовую кампенсацыю маральнай шкоды, атрыманай у выніку незаконнага асуджэння і адбыцця пакарання.
Нагадаем, што ў дачыненні да Яўгена Дзедушкіна суд двойчы выносіў абвінаваўчыя прысуды, якія пасля адмянялі. Толькі пасля трох гадоў следства, судовых пасяджэнняў ён дамогся перагляду сваёй крымінальнай справы і апраўдання, страціўшы здароўе, працу і рэпутацыю. У СІЗА малады чалавек прабыў 398 дзён, больш за год.
Улетку 2008 года невядомы некалькі разоў падпальваў гаражы ў Навабеліцкім раёне Гомеля. На месцы падпалаў быў затрыманы ўрач-псіхіятр. Ён жыў побач і, паводле яго слоў, убачыўшы пажар, прыйшоў з цікаўнасці на месца здарэння. Міліцыя затрымала яго, абвінаваціўшы ў здзяйсненні падпалаў. Суд прызнаў лекара вінаватым у падпалах і пакараў пазбаўленнем волі на чатыры гады.
Па заканчэнні трох гадоў, у сакавіку 2011-га, судовая калегія Гомельскага абласнога суда цалкам апраўдала былога ўрача, з яго знялі ўсе абвінавачванні. Ён апраўданы з фармулёўкай «у сувязі з недаказанасцю віны».
У 2008 годзе пасля ўзбуджэння крымінальнай справы Яўген Дзедушкін быў звольнены з працы, а па тэлевізару паказалі, што ён злачынца, і паліў гаражы. Таксама прайшла такая інфармацыя і па радыё, узвёўшы былога ўрача ў ранг злачынцы. Бацькі цяжка перанеслі арышт сына, бацька захварэў, атрымаў спачатку другую, а потым першую групу інваліднасці, перанёс інсульт. Зараз Яўген Дзедушкін даглядае бацьку.
Раней праз суд былы ўрач дамогся кампенсацыі матэрыяльнай шкоды: па коштах 2008-2009 года за юрыдычныя паслугі гамяльчанін заплаціў каля сямі мільёнаў, але з улікам індэксацыі гэта сума павялічылася да 20 мільёнаў.
Што тычыцца кампенсацыі маральнай шкоды, то на судзе Яўген Дзедушкін патрабаваў кампенсацыю ў памеры 500 мільёнаў рублёў. Суд часткова задаволіў яго патрабаванні, дакладней, у 10 разоў меней, чым прасіў былы абвінавачваемы.
«Пакуль і тыя грошы даб'ешся забраць, дык невядома, як іх «з'есць» інфляцыя. Калі ў нас кажуць пра сярэдні заробак 500 даляраў, дык па той кампенсацыі і сярэдняга заробку не выпадае», - адзначае Яўген Дзедушкін.