viasna on patreon

Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру: Ліст пяты

2012 2012-08-29T12:02:38+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/turemnyja_natatki_bialiackaga.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Лісты-нататкі Алеся Бяляцкага пра беларусскую "турэмную" літаратуру

Лісты-нататкі Алеся Бяляцкага пра беларусскую "турэмную" літаратуру

Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру – фрагмент з кнігі, якую рыхтуюць да выданьня яго сябры і калегі.

У інтэрнэт-версіі гэтыя нататкі публікуюцца часткамі-лістамі, як іх даслаў аўтар.

 

Ліст пяты

Няўдзячная справа - каментаваць вершы такога высокага ўзроўню і кшталту. Мае заўвагі зусім ня вартыя саміх вершаў. Але ж я адважваюся на іх, бо ўсё ж сам праходзіў праз турму і гэтымі каментарамі, можа, заахвочу чытача прачытаць самі вершы. Яны ж - напоўненыя неверагоднай энэргіяй, у іх няма ніводнага лішняга слова, літая, віртуозная форма, нязмушаная самабытная думка, цудоўная беларуская мова.

Першы верш у зборніку выглядае як праграмны. Нават ня верыцца, што ён быў сапраўды першым вершам, створаным паэтам у турме. У ім паэт робіць Волю сакральным сімвалам, святыняю, вартаю пакаланеньня. Ён стварае ў сваім уяўленьні Храм Волі, у якім лунае бел-чырвона-белая плашчаніца. Воля – гэта ня толькі ягоная багіня, гэта і родная па крыві “крэўная мая”, гэта і ўсіхняя крывіцкая мара.

Крэўнасць з Воляй паэту давялося даказваць уласнай крывёй на сьнежаньскім сьнезе. І ён дзеля Волі гатовы ахвяраваць і далей: “Калі табе трэба ахвяра, ёй стану я”.

Параўнаньне плашчаніцы з бел-чырвона-белым сьцягам падкрэслівае святасьць, чысьціню беларускай сімволікі. Ёсьць у гэтым вобразе і трагічнае адценьне. Бо што ж яшчэ ў хрысьціянскім разуменьні можа выклікаць пачуцьці і смутку, і болі, і бясспрэчнай сьвятасьці, як не кавалак палатніны, у які быў загорнуты Хрыстос? Мяркую, што гэты верш будзе блізкім і зразумелым шмат каму, у каго ў сістэме чалавечых каштоўнасьцяў Воля займае галоўнае, ці, прынамсі, значане месца.

У вершы “Не ўсё дарэмна, што дарэмна” паэт задумваецца над прадвызначанасьцю чалавечых дзеяньняў, ён мяркуе, што гэтыя дзеяньні невыпадковыя: “Магчыма, нехта патаемна мяне да нечага вядзе”.

У адным з лістоў да мяне ў турму дакладна гэтую думку выказвае адна незнаёмая мне жанчына. Яна хацела такім чынам падтрымаць мяне і мой выбар. Хаця я мяркую, што ў кожнага з нас заўсёды ёсьць магчымасьць выбару, і нават у неверагодна цяжкіх сітуцыях, пра што неаднаразова пісаў у сваіх творах Васіль Быкаў. Гэта, як у вядомай казцы пра камень на раздарожжы. Толькі гэта ты, а не казачны герой, стаіш і чытаеш вырытае на камяні: налева, направа, проста, і ты выбіраеш – куды – згодна знакаў, пасланых табе жыцьцём, ці наадварот, насуперак  ім, і ідзеш.   

Наступны верш “І той, які махаў рукамі”, на маю думку, адзін з лепшых вершаў у гэтай кніжцы, хаця ягоную трагічную загадку я так і не разгадаў. Верш складзены з сімвалаў і асацыяцыяў, знаменьняў і таемных дзеяньняў. Ён і пра трагічную сьмерць, і пра таргічнае каханьне. Сімвалізм гэтага верша перагукаецца з сімвалізмам у паэзіі Янкі Купалы. 

У вершы “Праз краты, праз калючыя драты” адбываецца мінімум дзеяньня. Лірычны герой, якога можна атаясаміць з аўтарам, у вершы засынае… і прысьнёная ўсьмешка каханай робіць яго вольным. Яна дае яму крылы, і ён разам з усьмешкаю “паляцеў дахаты”.

Верш падказвае мне і мае высьненыя ці вымараныя ў камеры думкі. У турме пачынаеш цаніць гэтую найкаштоўнейшую магчымасьць, якую і там у цябе ня можна адняць: магчымасьць марыць.

Але сны бываюць вельмі розныя. Часам гэта дзіўныя сны:

“Прыснілася, што я ў турме адзін
На васемнаццаць камер з прыбіральняй”.

І такая ж дзіўная рэчаіснасьць:

“А ў шэсць пад’ём! І змрочны вартавы
Павёў у прыбіральню. Ледзянела
У ёй лайно. Дрыготка біла цела,
І адляталі сны ад галавы”.

Ашчадна апісальны стыль паэта-мастака нагадвае стыль малавядомага паэта 20-ых гадоў мінулага стагоддзя Алеся Смаленца.

У вершы “Як жыць не хочаш, дык памры” апісваецца знаёмы для кожнага вязьня пейзаж турэмнага дворыка: “Турэмны дворык два на тры – у ім пяцёра нас”. Рытміка верша, трывожна-перарывістая, перадае сухое клацаньне турэмных замкоў і дзвярэй:

Пляц.
      “Кляц!” 
              Клець.

Апаноўваюць паэта і думкі пра сутнасьць чалавечага жыцьця. А каго ж не наведвалі ў турме гэтыя думкі? З узростам асабліва адчуваеш, што не пасьпяваеш жыць:

Не хопіць на жыццё твайго жыцця
І рэшту будзеш дажываць на сконе.

Гэтыя ж матывы гучаць у вершы “Толькі снег” і “На снезе сляды”. У вершы “Калі я выйду з турмы на волю” ізноў жа разьвіваецца думка, якую перадумаў кожны ў зьняволеньні – мары пра тое, што ён будзе рабіць на волі. У паэта перамагаюць думкі ўседараваньня і лагоды:

І калі сядзе на вецце воран,
І калі каркне, што ён — мой вораг,
Не стану ў Бога вымольваць кары...
На тое й воран, каб жыць ды каркаць.

Пазіцыя паэта глыбока гуманістычная. Хаця мяне вось мае мары выносяць да ідэі справядлівага правасуддзя.

Ізноў жа ў наступным вершы “Падыйшоў да возера і лёг” паэт задумваецца над сэсам існаваньня чалавека, над такім цудоўным, але ж ня вечным жыцьцём.

Прабіваецца ў паэта часам турэмны гумар, заўважны ў вершах “З нябожчыкамі параішся”, “Спіш яшчэ, мая сплюшка?” У апошнім вершы паэт просіць жонку Волю:

Да мяне прыйдзі ты ночкай,
На мяне зірні ты ў вочка
І кармушку адчыні,
Дай цукерку мне да чаю
І цукерку вертухаю,
Каб не гаўкаў дзень пры дні.

Напоўнены трывогаю, змрочнымі ўспамінамі і ўнутранымі перажываньнямі верш “Паўзе па шкле, што раптам пачарнела”. Паэту ня сьпіцца, начныя прадчуваньні апаноўваюць ім:

На кожны рып напружваецца цела,
На кожны грук.

Наплываюць жахлівыя ўявы, навеяныя ведамі і ўспамінамі:

І замірае камера ў здранцвенні
На ўскрык нямы…
Тут некалі стралялі ў сутарэнні
Такіх, як мы.

Гэта, дарэчы, ці не адзіны верш, дзе зьняволены паэт і ягоны лірычны герой думае і гаворыць і ад імя іншых вязьняў.

Трагічнае пераўвасабленьне, пералёт у мінулае ў пэўных дэталях адбываецца і ў вершы “Збіты операм, на нары”, галоўнае пытаньне ў якім датычыць жыцьця і сьмерці:

Калі ты каля парашы
Ніцма лёг,
Толькі б выжыць, зубы сцяўшы,
Даў бы Бог.

Адзін з найбольш уражлівых вершаў у зборніку – “Ці ты хочаш, ці не хочаш” - напоўнены трагічным сімвалізмам, дзе мільгацяць, як у вар’яцкай каруселі, змрочныя, трывожныя словы: турма – ноч – кат – вязень – вецер – вяроўка – пятля.

Сімволіка з беларускіх замоваў гучыць у вершы “Пяць крокаў па камеры ўздоўж”, перадаецца яна праз лічбы:

Пяць крокаў ступаю праз дождж
І тры - праз вятры.

Гэта, дарэчы, улюбёны прыём у пазіі Анатоля Сыса. Апошні верш “Нечакана легла карта” быў напісаны Уладзімірам Някляевым ужо дома, калі ён знаходзіўся пад хатнім арыштам. Гэты стан існаваньня невядомы мне, але з апошнімі радкамі верша цяжка не пагадзіцца:

Бо ўсё ж хата – гэта хата,
не турма.

Прачытаныя вершы ствараюць цэльную і завершаную карціну. Але і яна не спатоліла прагу паэта да самарэалізацыі. Як пісаў Уладзімір Някляеў у прадмове, “з турмой у мяне ўзніклі нечаканыя адносіны”. У выніку гэтых адносінаў і нарадзілася паэма “Турма”.

25 чэрвеня 2012, Бабруйск    

 

Працяг будзе.       

* Да публікацыі лісты Алеся Бяляцкага падрыхтавалі іх адрасатка Ірына Пракопчык і ўкладальніца кнігі, у якую яны будуць уключаныя, Паліна Сьцепаненка.

Чытайце таксама:

Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру: Ліст першы

Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру: Ліст другі

Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую "турэмную" літаратуру: Ліст трэці

Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую "турэмную" літаратуру: Ліст чацверты

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства