Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру: Ліст другі
Алесь Бяляцкі, апынуўшыся за кратамі, як і шматлікія яго папярэднікі – беларускія літаратары-вязьні розных часоў, сярод якіх Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Якуб Колас … Уладзімір Някляеў, напісаў нататкі пра беларускую “турэмную” літаратуру. Яны ўвойдуць у кнігу, якую Алесь пачаў рыхтаваць у 2011-м годзе і планаваў выдаць да свайго 50-годдзя.
Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру – фрагмент з кнігі аўтара, якую рыхтуюць да выданьня яго сябры і калегі.
У інтэрнэт-версіі гэтыя нататкі публікуюцца часткамі-лістамі, як іх дасылаў аўтар.
Ліст другі
У папярэднім лісьце пералічваюцца беларускія пісьменьнікі-зэкі і творы “турэмнай” тэматыкі ў мінулым. Вядома ж, я мусіў згадаць і кніжку мініятураў-эсэ Паўла Севярынца, напісаную ім падчас адбываньня “хімііі”. У гэтай кніжцы Павал выступае ўжо як цалкам сфармаваны літаратар з сваім адметным стылем і арыгінальным бачаньнем сьвету.
Але вяртаюся да дасланай мне кнігі паэзіі Уладзіміра Някляева “Лісты да Волі”. Кніжка аказалася для мяне вельмі цікавай з некалькіх прычынаў. Першая з іх, і самая істотная, гэта тое, што я вельмі высока цаню паэзію Уладзіміра Някляева, як, урэшце, і прозу. Паэт пачаў пісаць і прафесійна выкшталтоўвацца яшчэ за Саюзам. І тады пісалася ім шмат чаго, былі і прахадныя “надзённыя” вершы, ён быў нават напісаў паэму пра БАМ. Думаю, што моладзі сёньня гэтая абрэвіятура мала пра што гаворыць. А гэта была такая ўсесаюзная камсамольская будоўля чыгункі - Байкала-Амурскай магістралі, на якую пасылалі энтузіястаў-камсамольцаў і зэкаў. Пра першых пісалі - паэмы, пра другіх – маўчалі.
Але пераважная большасьць вершаў Уладзіміра Някляева былі яркімі і таленавітымі. Ён умеў іх чытаць-прамаўляць у розных аўдыторыях. Слухалі яго і шматтысячныя залы камсомольскіх зьездаў, слухалі і мы, студэнты філфаку ў Гомельскім універсітэце. Мяне ўразіла моцная энэргетыка, якая струменілася ад яго, уменьне апанаваць залаю, захапіць слухачоў і рытмікаю вершаў і логікаю паэтычнага мысьленьня. Уладзімір Някляеў валодаў чарамі паэтычнага слова. Штосьці падобнае я назіраў і адчуваў толькі падчас выступаў, якія нагадвалі вершаванае вяшчунства, Анатоля Сыса. Той мог прымусіць сваімі вершамі плакаць усю залу.
Вось жа, з ім, маім сябрам і геніяльным паэтам, Анатолем Сысом, увесну 1984-га мы езьдзілі на сустрэчу з Уладзімірам Някляевым у адзін з гомельскіх гатэляў падчас аднаго з яго прыездаў-выступаў. Дамаўляўся на сустрэчу Анатоль. Уладзімір Някляеў быў для яго адным з паэтычных настаўнікаў. Вечарамі Сыс цягаў па студэнцкім інтэрнаце зборнічак вершаў Някляева. Здавалася, ён расшрубоўваў ягоныя вершы па радках і словах, цікавіўся-дапытваўся, як гэта ўсё складзена, а потым збіраў наноў. У Анатоля Сыса быў ідэальны слых на ману і фальш. Творчасьць вершаплётаў ён бязьлітасна крытыкаваў і адкідаў. Уладзімір Някляеў быў не такім. Ён з Анатолем у той вечар шмат размаўляў пра паэзію. Мы пілі чырвонае сухое віно. Я ж спрабаваў “разьвярнуць” Уладзіміра Някляева да праблемаў беларушчыны: выхаваньне нацыянальнай беларускай сьвядомасьці, стан беларускай школы, культуры. Было відавочна, што тагачасная нацыянальная палітыка камуністаў вяла да прадуманага зьнішчэньня і паміраньня ўсяго беларускага. Я быў апанаваны пашырэньнем нацыянальнай ідэі, стварэньнем руху супраціву палітыцы дэбеларусізацыі, якую паводзілі ўлады. Наколькі я памятаю, я тады спрабаваў даказаць Уладзіміру Някляеву згубнасьць такой палітыкі да беларусаў як асобнага народу. Яшчэ 20 гадоў, і ў яго як у беларускага паэта проста не будзе чытача. Ён будзе чытаць Пушкіна і Вазьнясенскага, а не Купалу і Някляева. Размова была доўгаю і шчыраю. Уладзімір Някляеў не пярэчыў мне, але і не падтрымліваў. Ён шмат распавядаў пра сябе, пра службу ў войску і апраменьваньне, якое там атрымаў, пра вучобу ў Літаратурным інстытуце ў Маскве. На мае ж эскапады ён адказваў, што бачыць сваю місію ў пісаньні якасных вершаў па-беларуску. І ўсё. Мне гэтага было мала. Я жадаў ад яго актыўнай беларуска ськіраванай грамадзянскай пазіцыі. І я зноў чапляў-нападаў на яго. Але безвынікова.
Мы вярталіся з гэтай сустрэчы з Анатолем Сысом позна ўначы ў студэнцкі інтэрнат, грамадзкі транспарт ужо не хадзіў. Мы ішлі пешкі па асьветленай доўгай Савецкай вуліцы. Было цёпла-цёпла. У мяне былі разнастайныя пачуцьці ад гэтай сустрэчы. З аднаго боку, я быў рады і задаволены, бо гэта была сустрэча з сапраўдным мэтрам у паэзіі, з якім мы вось так проста сядзелі, размаўлялі, спрачаліся, слухалі яго, пілі віно. З другога боку, я быў незадаволены сваёй “агітацыйнай” працай і, адпаведна, аб’ектам маёй агітацыі Уладзімірам Някляевым. Ён не паддаўся. Пераканаць яго больш актыўна дзейнічаць на карысьць беларушчыны мне не ўдалося.
У канцы 80-х гадоў Уладзімір Някляеў застаецца ў творчасьці, па-за палітыкай. Яго не было ні ў аргнізацыйным камітэце Беларускага Народнага Фронту, яго не было чутна і на сходзе творчай інтэлігенцыі і беларускага актыву у 1988 годзе ў Доме кіно, калі ўтварыўся антысталінскі “Мартыралог Беларусі”. Але ўжо ніякія ідэалагічныя каноны не стрымлівалі ягонага таленту. Уся гэтая камсамольская наменклатурнасьць абсыпалася з яго, як старая фальшывая пазалота. Хіба што засталіся сувязі і знаёмствы. І я добра памятаю вочы Уладзіміра Някляева на Дзядах у 88-м годзе, калі мяне, плачучага ад сьлезацечнага газу, цягнулі ў міліцэйскі УАЗік. Мяне закідвалі ў задні закратаваны аддзел - “сабачнік”, а ён разам з пісьменьнікам і філолагам Аляксандрам Станютам, сынам артысткі Стэфаніі Станюты, стаяў і глядзеў, суперажываў.
14 чэрвеня 2012, Бабруйск
Працяг будзе.
* Да публікацыі лісты Алеся Бяляцкага падрыхтавалі іх адрасатка Ірына Пракопчык і ўкладальніца кнігі, у якую яны будуць уключаныя, Паліна Сьцепаненка.
Чытайце таксама:
Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру: Ліст першы
Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую "турэмную" літаратуру: Ліст трэці
Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую "турэмную" літаратуру: Ліст чацьверты