viasna on patreon

Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру: Ліст чацьверты

2012 2012-08-27T15:59:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/turemnyja_natatki_bialiackaga.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Лісты-нататкі Алеся Бяляцкага пра беларусскую "турэмную" літаратуру

Лісты-нататкі Алеся Бяляцкага пра беларусскую "турэмную" літаратуру

Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру – фрагмент з кнігі, якую рыхтуюць да выданьня яго сябры і калегі.

У інтэрнэт-версіі гэтыя нататкі публікуюцца часткамі-лістамі, як іх даслаў аўтар.

 

Ліст чацьверты 

Кніжачка “Лісты да Волі” Уладзіміра Някляева, хоць і невялікая па памеры і сьціслая па зьмесце, дзеліцца на чатыры лагічныя часткі. Гэта – прадмова, затым 30 вершаў, 20 з якіх былі напісаны ў СІЗА КГБ, так званай “амерыканцы”, і апошні 30-ы - калі паэт знаходзіўся пад хатнім арыштам, паэма “Турма”, напісаная ў калядны тыдзень 2010 году таксама ў “амерыканцы”, і апошняе слова Уладзіміра Някляева.

Вось жа, прадмова паэтычнага зборніка напісаная ў форме эсэ. Яна – важкая і самадастатковая частка кнігі. У беларускай паэзіі вось такія аўтарскія прадмовы да вершаваных зборнікаў – зьява рэдкая.  З апошніх кнігаў можна згадаць “Стрэмку” Сяргея Сыса. Як правіла, у такіх празаічных развагах паэты даюць агульны кантэкст, які набліжае чытача да вершаў, дапамагаюць зразумець атмасьферу і нейкія адметныя ўмовы, у якіх вершы былі створаныя. Такую ж ролю выконвае і прадмова Уладзіміра Някляева да свайго зборніку. У ёй паэт лаканічна апісвае ў прозе тое, пра што не сказаў у вершах, перадае свой псіхалагічы стан падчас зьняволеньня.

Магу пацьвердзіць, што пачатак зьняволеньня ва ўсіх упершыню арыштаваных, мабыць, аднолькавы. Чалавека апаноўваюць мацнейшы стрэс, пісхалагічны шок, зьяўляецца пэўная затарможанасьць, часам нелагічныя паводзіны, аслабляюцца напрацаваныя рэфлексы. Узгадайце, калі памятаеце, відэа, якое паказвала БТ пасьля затрыманьня пасла і міністра Міхаіла Марыніча. Многія тады, паглядзеўшы гэты сюжэт, казалі, што выглядаў ён, як не ў сабе, як пад узьдзеяньнем наркотыкаў. Насамрэч, менавіта псіхалагічны шок, зьвязаны з арыштам, уводзіць чалавека ў такі неадэкаватны стан.

Пасля арышту яркая і выразная мяжа падзяляе тваё жыццё: тое, што было да арышту, і зусім іншае, што адбываецца з табой зараз. Галавою ты разумееш, што гэта ўсё па-сапраўднаму, але ў першыя гадзіны і дні пасьля арышту ты паглядаеш на самога сябе як бы збоку і табе здаецца, што ўсе дзеяньні, размовы, дыялогі падчас вобшуку, допытаў – гэта штосьці ірэальнае, гэта ўсё не з табой. Штосьці падобнае перажыў і я, хоць быў маральна і практычна падрыхтаваны значна лепей, бо не раз арыштоўваўся і сядзеў на сутках па адміністратыўных працэсах.

У Уладзіміра Някляева было значна горш. Яго арыштоўвалі другі раз у жыцьці і забралі-пацягнулі зьбітага з бальніцы ў невядомасьць. Таму шок арышту ўзрастаў праз страх. А страх яшчэ болей абвострыў пачуцьці, усялякая логіка - што робіцца і што будзе рабіцца далей - страціла сэнс. Урэшце яго прывозяць у турму КГБ і паведамляюць, урэшце, дзе ён. Але ж ці зрабіла гэта палёгку яму, абазнанаму ў трагічнай гісторыі гэтай турмы? У прадмове ён дакументальна, з лічбамі і датамі напіша: “У так званай “амерыканцы”, унутрнай турме КДБ, у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года былі забітыя 22 беларускія паэты. У наступную яшчэ чацвёра. Недзе ў гэтых сутарэннях…”

Шлях на Галгофу ва ўяўленьні паэта працягваецца: “Вядуць сутарэннямі. Канвойныя не ў чорным – у вайсковай форме. Спыняюць. Ставяць тварам да сцяны. На сцяне шчарбіны, нібы сляды куль. Халадзее патыліца”. Парадаксальна, але ад сьмяротнай невядомасьці ратуе паэта камера: “… і дзверы зачыняюцца. Як толькі яны зачыніліся, страх адпусціў. Я адчуў сябе абароненым”.

Штосьці падобнае адчуваў і я, калі пасьля напружаных дзён у судзе вяртаўся на Валадарку ў сваю 15-ю камеру. Я заходзіў у яе эмацыйна спустошаны, як у свой родны дом. Дзьверы за мною захлопваліся, лязгаў замок і я, акурат як Уладзімір Някляеў, адчуваў сябе абароненым. Што тычыцца гістарычных успамінаў, то ў мяне яны былі, праўда, не такія трагічныя, як у паэта. Бо тут, на Валадарцы, яшчэ за царом сядзелі Вінцук Дунін-Марцінкевіч, Якуб Колас, Алесь Гарун, Карусь Каганец, праўда, яны выйшлі з яе муроў жывымі.

Бясспрэчна, сюжэтнай вяршыняю ў эсэ-прадмове зьяўляецца гісторыя аб тым, як Уладзімір Някляеў выносіў з камеры смецьце. Менавіта так яго называлі ахоўнікі ў Жодзінскім СІЗА, недалюбліваючы слова “мусор”. Занёсшы смецьце ў прыбіральню, паэт убачыў там газетны шматок з радком: “Держись, Володя! Твой брат Евгений Евтушенко”. Можна ўявіць, што перажыў у гэтую хвіліну паэт, цалкам адрэзаны ў тыя дні-тыдні ад усялякай інфармацыі. Адзін толькі прачытаны газетны радок з ліста расійскага паэта Яўгена Яўтушэнкі  да яго прыводзіць паэта да глыбокіх высноваў: “У людзях нельга вынішчыць чалавечае. Яно незнішчальнае. Яго не вытравіць, не спаскудзіць ні брудам, ні лайном. З-пад бруду, з-пад лайна яно прарываецца хараством. І калі ў чым-небудзь на зямлі ёсць паэзія, дык у гэтым”. Думка паэта перагукаецца з тым, пра што ў свой час пісаў Максім Багадановіч, захапляючыся хараством лілеяў, якія ўзраслі з сьмярдзючай твані балота. Чалавечыя ўчынкі ва ўяўленьні Уладзіміра Някляева, зьвязаныя з хараством, якое ў сваю чаргу зьяўляецца паэзіяй жыцьця.

І вось праз тыдзень пасьля арышту шок мінае, і тады ў паэта адбываецца выкід унутранай энэргіі: “я зноў адчуў неверагодную моц жыцця, якая вулканічна можа вырвацца з самай, здавалася б, слабой, але яшчэ не сканалай клетачкі”. І гэтак жа ж няўстынна, падобна  на тыгра ў клетцы, кідаецца, бьецца думка паэта. І ўвесь сьпектар ягоных перажываньняў, мараў, расчараваньняў, уяўленьняў адбіваецца ў вершах.

24 чэрвеня 2012, Бабруйск

 

Працяг будзе.       

* Да публікацыі лісты Алеся Бяляцкага падрыхтавалі іх адрасатка Ірына Пракопчык і ўкладальніца кнігі, у якую яны будуць уключаныя, Паліна Сьцепаненка.

Чытайце таксама:

Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру: Ліст першы
Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру: Ліст другі
Нататкі Алеся Бяляцкага пра беларускую “турэмную” літаратуру: Ліст трэці

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства