Праваабаронцы гатовыя паручыцца за Антона Сурапіна і Сяргея Башарымава
Праваабарончы цэнтр “Вясна” далучыўся да ініцыятывы Беларускай асацыяцыі журналістаў па змене меры стрымання для журналіста Антона Сурапіна, які з 13 ліпеня знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Праваабаронцы таксама хадайнічаюць аб змене меры стрымання ў дачыненьні да рыэлтара Сяргея Башарымава, якому разам з Сурапіным прад’яўлена абвінавачванне ў ў спрыянні незаконнаму перасячэнню дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь (ч. 6 ст. 16 і ч. 3 ст. 371 КК), і вызваленні іх абодвух з-пад варты пад асабістае паручальніцтва.
Паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі, паручальніцтва за зняволенага могуць даць два ці болей раней не судзімых грамадзян краіны, якія «заслугоўваюць даверу». У сувязі з гэтым праваабаронцы прапануюць ўсім неабыякавым грамадзянам таксама падпісаць адпаведныя паручальніцтва, узоры якіх змешчаныя на нашым сайце і накіраваць іх на адрас: КДБ Беларусі (г.Мінск, пр.Незалежнасці 17).
Нагадаем, 6 ліпеня 2012 года быў затрыманы і ўзяты пад варту ў СІЗА КДБ Сяргей Башарымаў, а 13 ліпеня 2012 года - фатограф Антон Сурапін. 16 і 23 ліпеня адпаведна, ім было прад’яўлена абвінавачванне па ч. 3 арт. 371 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь”. Такім чынам КДБ Беларусі расцаніла размяшчэнне Антонам Сурапіным фотаздымкаў меркаванага палёту шведскага самалёта ў беларускай паветранай прасторы. Яшчэ больш абсурднымі выглядаюць абвінавачванні Сяргея Башарымава, які здаваў у арэнду кватэру грамадзянам Швецыі, у спрыянні пераходу дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” расцэньвае затрыманне і ўзяццё пад варту грамадзянаў Антона Сурапіна і Сяргея Башарымава як эскалацыю страху ў грамадстве і спробу перакласці адказнасць за неналежную ахову дзяржаўнай мяжы і паветранай прасторы краіны на звычайных грамадзянаў.
Паручальніцтвы па змене меры стрымання для журналіста Антона Сурапіна і рыэлтара Сяргея Башарымава на гэты час падрыхтавалі намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч, сябры Рады "Вясны" Таццяна Рэвяка і Уладзімір Лабковіч.
УЗОР ПАРУЧАЛЬНІЦТВА ЗА АНТОНА СУРАПІНА
Файлы
- uzor-paruchaljnictva-za-basharymava.doc (0.03 Mb)