Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе вызвалення Антона Сурапіна і Сяргея Башарымава
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
Заява
Мінск, 24 ліпеня 2012 г.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе вызвалення Антона Сурапіна і Сяргея Башарымава
6 ліпеня 2012 года быў затрыманы і ўзяты пад варту ў СІЗА КДБ Сяргей Башарымаў, а 13 ліпеня 2012 года - фатограф Антон Сурапін. 16 і 23 ліпеня адпаведна, ім было прад’яўлена абвінавачванне па ч. 3 арт. 371 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь”. Такім чынам КДБ Беларусі расцаніла размяшчэнне Антонам Сурапіным фотаздымкаў меркаванага палёту шведскага самалёта ў беларускай паветранай прасторы. Яшчэ больш абсурднымі выглядаюць абвінавачванні Сяргея Башарымава, які здаваў у арэнду кватэру грамадзянам Швецыі, у спрыянні пераходу дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь.
Варта адзначыць, што арышты Антона Сурапіна і Сяргея Башарымава адбываюцца на фоне заяваў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, якія не пацвярджаюць сам факт перасячэння дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” расцэньвае затрыманне і ўзяццё пад варту грамадзянаў Антона Сурапіна і Сяргея Башарымава як эскалацыю страху ў грамадстве і спробу перакласці адказнасць за неналежную ахову дзяржаўнай мяжы і паветранай прасторы краіны на звычайных грамадзянаў.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” адзначае, што расследванне крымінальнай справы ў дачыненні да Антона Сурапіна і Сяргея Башарымава вядзецца КДБ Рэспублікі Беларусь у атмасферы поўнай інфармацыйнай ізаляцыі беларускага грамадства: не паведамляецца пра прычыны затрымання ўказаных грамадзянаў, характар і аб’ём прад’яўлення такіх сур’ёзных абвінавачванняў. Акрамя таго варта адзначыць, што метады вядзення следства па падзеях 19 снежня 2010 года следчымі КДБ, факты выкарыстання катаванняў у дачыненні да асобаў, якія ўтрымліваліся пад вартай у СІЗА КДБ, выклікаюць сур’ёзную занепакоенасць лёсамі гэтых маладых людзей.
У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе:
- Змянення меры стрымання ў дачыненні да Антона Сурапіна і Сяргея Башарымава і вызвалення іх з-пад варты з СІЗА КГБ.
- Няўхільнага выканання ўсіх гарантыяў, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, у тым ліку права на абарону і свабоды ад катаванняў і іншых бесчалавечых метадаў абыходжання.
- Публічных растлумачэнняў наконт таго, што паслужыла падставай для прад’яўлення абвінавачвання Антону Сурапіну і Сяргею Башарымаву.