БСРМ парушае выбарчае заканадаўства
Адзін з патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты ў Слуцкі гарадзкі савет, старшыня Менскага абласнога камітэту БРСМ Руслан Трухан ужо два тыдні таму назад пачаў агітацыю насельніцтва. Практычна ва ўсе паштовыя скрыні выбарчай акругі, на якой балятуецца спадар Трухан закінутыя ўлёткі, якія ўтрымліваюць падрабязныя біяграфічныя зьвесткі "камсамольца"-актывіста, а таксама некалькі яго фотаздымкаў, паведаміла прэс-служба Партыі БНФ.
Жыхары акругі, на якой балятуецца спадар Трухан, зьвярнуліся з нагоды распаўсюды незаконных улётак да сябра Партыі БНФ, патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты гэтай жа акругі Віталя Амяльковіча. "Гэта абуральна, што Трухан пачаў два тыдні таму назад незаконную агітацыйную працу ў нашым горадзе, - кажа фронтавец Віталь Амяльковіч. - Я зьвярнуўся з улёткай, якую мне ўкінуў у скрыню спадар Трухан, у гарвыканкам да чалавека, які адказвае за выбарчую кампанію. Там мне нічога не адказалі. Зараз мы вырашылі пісаць скаргу. Зразумела, што ў гэтым ня будзе вялікага сэнсу, бо такія ўлёткі друкуюцца ў суседнім кабінеце таго начальніка, якому я панясу скаргу. Крыўдна, што калі б такую агітацыйную кампанію заўчасна распачаў прадстаўнік дэмакрытычных сілаў, то яго б не зарэгістравалі, альбо адразу зьнялі б з выбараў. Тым ня менш, я зраблю ўсё магчымае, каб як мага больш жыхароў нашага гораду даведалася пра такія несумленныя крокі ўладаў. Думаю, што такімі крокамі ўлады яўна дэманструюць страх перад выбарамі".