КДБ пацвердзіў вынясенне абвінавачвання Башарымаву і Сурапіну
Сёння на афіцыйным сайце Камітэта дзяржбяспекі з'явілася інфармацыя "Аб расследванні крымінальнай справы", што затрыманым прад'яўленае абвінавачванне па ч.6 арт.16 (дапамога ў здзяйсненні злачынства) і ч.3 арт. 371 (незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
КДБ інфармуе: "Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь ўзбуджаная і расследуецца крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.371 КК Рэспублікі Беларусь па факце незаконнага перасячэння 4 ліпеня 2012 года Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь падданымі Каралеўства Швецыі на лёгкаматорным самалёце.
Па падазрэнні ў дапамозе ў здзяйсненні дадзенага злачынства затрыманыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь А.А.Сурапін і С.А.Башарымаў, якім прад'яўленае абвінавачванне па ч.6 арт.16 (дапамога ў здзяйсненні злачынства) і ч.3 арт. 371 (незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь) КК Рэспублікі Беларусь.
У інтарэсах аб'ектыўнага расследавання крымінальнай справы і высвятлення ўсіх акалічнасцяў парушэння паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі Камітэтам дзяржаўнай бяспекі прапануецца падданым Швецыі, якія прынялі ўдзел у арганізацыі і ажыццяўленні незаконнага перамяшчэння праз Дзяржаўную мяжу, прыбыць у Мінск для ўдзелу ў следчых дзеяннях у якасці падазраваных, у тым ліку для правядзення вочных ставак. Па выніках будуць прынятыя канчатковыя адпаведныя працэсуальныя рашэнні ў дачыненні да беларускіх грамадзян, якія праходзяць па крымінальнай справе".
Дадзеная заявай беларускія ўлады пацверджваюць, што грамадзяне Башарымаў і Сурапін па дадзенай справе фактычна з'яўляюцца закладнікамі.
Паводле заявы праваабарончага цэнтра "Вясна", абвінавачванне Башарымаву было прад'яўлена 16 ліпеня, Сурапіну - 23 ліпеня. Цікава, што ў заяве, распаўсюджанай КДБ, дата прад'яўлення абвінавачвання адсунічае.
Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызвалення Антона Сурапіна і Сяргея Башарымава.