КДБ працягвае ігнараваць арганізатараў «плюшавага дэсанту»
Беларускія ўлады і Камітэт дзяржаўнай бяспекі не звярталіся да арганізатараў «плюшавага дэсанта» пасля апублікавання адкрытага ліста аднаго з ініцыятараў акцыі Пэра Кромвэла Аляксандру Лукашэнку. Аб гэтым Кромвэл паведаміў у інтэрв’ю БелаПАН 30 ліпеня.
«З часу публікацыі нашай заявы адносна праведзенай акцыі і майго адкрытага ліста Аляксандру Лукашэнку ніхто з прадстаўнікоў беларускай улады або КДБ не выходзіў з намі на сувязь, не было абсалютна ніякіх кантактаў», — сказаў Кромвэл.
Паводле яго слоў, цяпер арганізатары «плюшавага дэсанту» разглядаюць магчымасць падрыхтоўкі афіцыйнага дакумента для праваахоўных органаў Беларусі.
Гэта абумоўлена тым, што папярэднія заявы Кромвэла і іншых удзельнікаў акцыі, зробленыя ў інтэрнэце або ў СМІ, фактычна не з’яўляюцца афіцыйнымі дакументамі для следства.
Нагадаем, шведскі самалёт перасёк дзяржаўную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня з боку Літвы. Над Івянцом і Мінскам былі скінутыя сотні плюшавых мядзведзяў з дэмакратычнымі лозунгамі. Адказнасць за акцыю ўзялі на сябе прадстаўнікі шведскай піяр-кампаніі Studio Total. Гэтай акцыяй яны хацелі падтрымаць свабоду слова ў Беларусі.
Беларускія ваенныя і памежнікі адмаўлялі факт незаконнага
перасячэння мяжы замежным самалётам, пакуль арганізатары акцыі не
выклалі ў інтэрнэце відэа, якое пацвярджала гэты палёт.