Пры МУС створаць грамадскі савет
Крыху
больш за месяц таму на адным з мерапрыемстваў з удзелам міністра Ігара Шуневіча ідэю
стварэння такога савета сфармуляваў старшыня рэспубліканскага савета
ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў генерал-лейтэнант
унутранай службы ў адстаўцы Віктар Піскароў.
Новы
міністр думку падхапіў і на днях сабраў былых кіраўнікоў МУС, УУС і
іншых заслужаных міліцыянтаў, заявіўшы, што павінен параіцца «з
папярэднікамі, якія здольныя крытычна ацаніць прапанаваныя меры па
абнаўленні ведамства».
Праўда, з былых міністраў запрасілі толькі Уладзіміра Ягорава і таго ж Піскарова. Валянціна Агальца, Юрыя Сівакова, Уладзіміра Навумава і Анатоля Куляшова на сустрэчы чамусьці не было. Затое
побач з міністрам засвяціліся тыя, у каго Лукашенко распарадзіўся
адабраць міліцэйскія дачы, - генералы Юрый Радзюкевіч і Аляксандр
Шчурко. Размаўлялі, натуральна, аб рэформе органаў унутраных спраў.
"Народная Воля" папрасіла падзяліцца ўражаннямі ад сустрэчы былога старшыні КДБ і экс-кіраўніка МУС Уладзіміра Ягорава.
«Шмат каго былых міністраў насамрэч не было, - распавёў Уладзімір Дзям'янавіч. - Але былі міліцыянты, якія ведаюць становішча ў органах унутраных спраў нашмат лепш. Той жа генерал-маёр міліцыі ў адстаўцы Юрый Тарабрын добра выступіў, Юрый Радзюкевіч добрыя ідэі выказаў. Якія прапановы былі вартыя ўвагі? Напрыклад,
прапануецца заснаваць Інстытут афіцэрскіх сходаў, стварыць пры МУС
Грамадскі савет, у які запрасіць паважаных людзей рэспублікі, абнавіць
Кодэкс прафесійнай этыкі. Абмяркоўваліся і іншыя моманты - па ўнутраных войсках, па аргзлачыннасці, ахове, Акадэміі МУС. Увогуле,
для
пачаткоўца-міністра такія сустрэчы надзвычай карысныя ... Дарэчы, я
б не стаў ужываць гучнае слова «рэформа» адносна нейкіх пераўтварэнняў у
МУС. На мой погляд, ніякая гэта не рэформа - проста трэба прывесці ўсё ў адпаведнасць часу і абстаноўцы».
Як стала вядома «Народнай Волі», на жнівень запланавана адмысловая нарада з нагоды МУС з удзелам Лукашэнкі. Там, відаць, і высветліцца, як менавіта будуць рэфармаваць МУС.
А вось каго запросяць у грамадскі савет пры МУС, пакуль незразумела. Зрэшты, першыя кандыдатуры ўжо ёсць - народная артыстка Беларусі Валянціна Гаявая і пратаіерэй Фёдар Поўны. Ва
ўсялякім выпадку месяц таму менавіта яны падтрымалі ідэю генерала
Піскарова аб стварэнні савета: «Запрашайце, будзем толькі радыя! Бог у дапамогу!»