Андрэя Бандарэнку прымусова даставілі ў падатковую інспэкцыю Савецкага раёну Менску
Намесьнік інфармацыйна-асьветніцкай установы «Плятформа» патрабаваў позвы, а па яго прыехалі міліцыянты.
Падставай для іх зьяўленьня ў кватэры Бандарэнкі
паслужыла пастанова аб прыводзе грамадзкага актывіста ў Інспэкцыю
па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Савецкім раёне
Менску, паведамляе сайт «Плятформы».
У пастанове значыцца, што прывод ажыцьцяўляецца «ў мэтах
забесьпячэньня своечасовага і правільнага разгляду справы
аб адміністрацыйным правапарушэньні ў дачыненьні да Бандарэнкі
А.В.»
Напярэдадні ўчастковы інспэктар грамадзкага пункту аховы правапарадку
№ 66 Валерый Марціновіч выклікаў
Андрэя Бандарэнку для гутаркі. Той быў заняты, і гутарыць
з участковым інспэктарам пайшла намесьніца дырэктара «Плятформы».
Відавочна не задаволены вынікам гутаркі, участковы інспэктар патрабаваў
сустрэчы з самім Андрэем Бандарэнкам. Ад такой сустрэчы Андрэй
катэгарычна адмовіўся, законна патрабуючы выкліку позвай.
За колькі дзён да таго «Плятформа» атрымала з падатковай
інспэкцыі Савецкага раёну дакумэнт, у якім паведамлялася: у сувязі
з тым, што ўстанова «Плятформа» не вядзе дзейнасьці —
на яе разьліковы рахунак не паступаюць фінансавыя сродкі,
не атрымліваецца даход і, адпаведна, няма падставы для выплаты
падаткаў — пастаўлена пытаньне аб закрыцьці «Плятформы».