Журналіст Еўрарадыё Віталь Ругайн правёў ноч на Акрэсціна
Віталя затрымалі 25 ліпеня ў дзень народзінаў, яму споўнілася 25 гадоў. Яго абвінавачваюць у брыдкаслоўі ў грамадскім месцы. Суд — сёння.
Пра тое, што Віталь Ругайн на Акрэсціна, позна вечарам 25 ліпеня яго маці паведамілі ў Ленінскім РУУС. Высветлілася, што на журналіста склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні і адвезлі чакаць суда ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Цалкам магчыма, пратакол складзены і на яго сябра Сяргея Куракова, які быў з журналістам у момант затрымання. Акалiчнасцi затрымання пакуль невядомыя.
Суд над Віталём Ругайнам адбудзецца раніцай 26 ліпеня (суд Ленінскага раёна, вул. Сямашкі, 33).
Нагадаем, спачатку ў Ленінскім РУУС не пацвярджалі інфармацыю, што Віталь Ругайн знаходзіцца ў іх. Аднак Еўрарадыё гэта пацвердзіў сведка, які бачыў там Віталя пасля 19-й гадзіны (ён патэлефанаваў у рэдакцыю). Таксама Ругайн паспеў патэлефанаваць аднаму з нашых супрацоўнікаў. Былі чутны яго словы: "Вы сказалі, што вязеце мяне ў Цэнтральны РУУС, а чаму вязеце ў Ленінскі?". Пасля гэтага сувязь абарвалася, яго тэлефон быў недаступны.
Каля 20.30 журналіст Еўрарадыё Павел Свярдлоў пабываў у Ленінскім РУУС, аднак там сказалі, што ў іх няма Віталя Ругайна. Праз гадзіну тое самае Свярдлоў пачуў і ў Цэнтральным РУУС. Сваякам Віталя Ругайна ў Ленінскім РУУС спачатку сказалі, што яго там няма, а пасля дадалі, што ў іх ёсць "некалькі чалавек, якіх яшчэ не аформілі".
Раніцай 24 ліпеня журналіст Віталь Ругайн, якога месяц таму спрабавалі затрымаць ля рэдакцыі Еўрарадыё, паспрабаваў вярнуцца ў Беларусь. З Вільні ў Мінск ён ехаў цягніком. У Гудагаі яго знялі. Пасля мытнага дагляду ў Віталя забралі пашпарт, ноўтбук, але пасля ўсё вярнулі і яго адпусцілі. Журналіст Еўрарадыё у аўторак прыехаў у Мінск.
Нагадаем, пасля затрымання 22 чэрвеня журналіста Еўрарадыё Паўла Свярдлова, невядомыя ў цывільным чакалі каля офіса Віталя Ругайна (яны паказвалі фотаздымак журналіста вахцёру). Аднак з дапамогай журналістаў іншых СМІ, якія прыйшлі ў офіс Еўрарадыё, тады Ругайну ўдалося застацца на волі і з'ехаць з краіны ў Польшчу.
Еўрарадыё рабіла
рэпартаж з мінскага метро, у часе падрыхтоўкі якога журналісты прайшліся па
падземцы з цяжкой валізкай, і на іх ніхто не звярнуў увагі. Затрыманне Паўла
Свярдлова (ён адсядзеў 15 сутак арышту), а цяпер і Віталя Ругайна, магло стаць
своеасаблівай помстай.