viasna on patreon

Афіцыйны Менск супраць візытаў спэцдакладчыкаў ААН у Беларусь

2012 2012-06-21T11:14:30+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Спэцдакладчыкі ААН — незалежныя экспэрты, якія не прадстаўляюць ніякай краіны альбо арганізацыі, у тым ліку яны не прадстаўляюць і самую ААН, не атрымліваюць ад ААН ніякага заробку, каб не ўзьнікала сумненьня ў незалежнасьці іх высноваў.

Наведваньне пэўнай краіны для вывучэньня сытуацыі непасрэдна на месцы — важная частка мэтадаў працы па выкананьні іх мандату. Таму пакуль спэцдакладчык ААН не наведаў Беларусь, яго высновы і выказваньні аб сытуацыі там заўсёды будуць гучаць досыць асьцярожна. Апошнім часам экспэрты ААН усё часьцей заяўляюць аб плянах паўтарыць запыты да беларускіх уладаў з проcьбай наведаць краіну.

20-ая сэсія Рады ААН па правах чалавека толькі пачалася, наперадзе яшчэ інтэрактыўны дыялёг, прысьвечаны цалкам Беларусі, але ўжо цяпер усе спэцдакладчыкі ААН, зь якімі сустракаліся беларускія журналісты, заявілі, што хацелі б наведаць Беларусь. Спэцдакладчык ААН па свабодзе выказваньняў і думкі Франк ля Ру сказаў у часе агульнай прэсавай канфэрэнцыі у палацы ААН у Жэнэве:

«Я б з радасьцю наведаў Беларусь, калі б беларускія улады мяне запрасілі. Калі я пабачыў рэакцыю на маю апошнюю справаздачу, я пабачыў, што варта наведаць Беларусь і працягнуць інтэрактыўны дыялёг там».

У часе сустрэчы зь беларускімі журналістамі пасьля заканчэньня інтэрактыўнага дыялёгу па ягонай справаздачы ля Ру распавёў, што яшчэ не рабіў новага запыту адносна візыту ў Беларусь, але плянуе гэта зрабіць.

«Я яшчэ не рабіў такога запыту, але калі я пабачыў рэакцыю на маю апошнюю справаздачу, я пабачыў, што варта наведаць гэтую краіну і працягнуць інтэрактыўны дыялёг там. Візыт у краіну заўсёды адбываецца па пэўнай, для усіх аднолькавай, схеме. Мы сустракаемся з уладамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці. У такіх выпадках афіцыйную частку сустрэчаў ладзіць МЗС, а сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці арганізоўваем мы самі», — патлумачыў экспэрт.

На пытаньне, што найперш важнае ў цяперашняй сытуацыі ў Беларусі ў сфэры свабоды выказваньняў і думкі, Франк ля Ру адказаў: «Журналістыка он-лайн. А ў цэлым, для Беларусі істотнае усё тое ж, што і для кожнай іншай краіны».

Ці можна крыўдзіць улады?

Хаця спэцдакладчык ААН і яго памочнікі уважліва сочаць за інфармацыяй з розных крыніцаў і насамрэч ведаюць вельмі шмат пра Беларусь, выказваньні для прэсы ў іх звычайна досыць дыпляматычныя. На пытаньне Радыё Свабода, ці зьвязана гэта з жаданьнем не ускладняць дачыненьняў з уладамі, каб яны не перашкаджалі візыту, Франк ля Ру сказаў:

«Я не імкнуся быць ветлівым дзеля таго, кабе не пакрыўдзіць улады. Ні ў выпадку зь Беларусьсю, ні ў выпадку зь любой іншай краінай. Ніякім чынам гэта не ўплывае ні на мае выказваньні, ні на мае заявы. Так, спэцыяльныя працэдуры вымагаюць быць дыпляматычнымі, але ні ў якім выпадку не хаваць праўды, якой бы яна ні была. Мы рыхтуем справаздачы, і там павінна быць рэчаіснасьць, якой бы яна ні была».

На просьбу сказаць сваё меркаваньне адносна магчымасьцяў супрацоўнічаць зь беларускімі ўладамі і як цяпер адбываецца гэтая супраца, Франк ля Ру расьсьмяяўся і адказаў жартам:

«О, канешне, я ведаю, што вы хацелі б ад мяне пачуць, аднак цяпер я скажу вам толькі вось што: калі беларускія ўлады запросяць мяне ў сваю краіну, яны прадэманструюць сваю добрую волю да канструктыўнай супрацы. І калі ў мяне будзе магчымасьць свабодна сустрэцца там ня толькі зь імі, але і з усімі, з ќім я сам пажадаю, у тым ліку і з палітвязьнямі, калі яны яшчэ будуць у Беларусі на той момант, калі я прыеду».

Спэцдакладчыкі ААН хацелі б наведаць Беларусь

Прыехаць у Беларусь хацеў бы ня толькі спэцдакладчык ААН па свабодзе выказваньняў. Спэцыяльны дакладчык ААН у справе становішча праваабаронцаў Маргарэт Сэкагія рабіла запыты адносна магчымасьці наведаць Беларусь у 2010 і 2011 гг. Летась гэта было зроблена ў адпаведнасьці з рэзалюцыяй Рады па правах чалавека 17/24. Ніякага адказу ад афіцыйнай Беларусі яна не атрымала (інфармацыя аб гэтым маецца і ў справаздачы па Беларусі Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (§ 10).

Адзін з прадстаўнікоў афіцыйнай беларускай дэлегацыі Андрэй Таранда, на гэтай сэсіі Рады ААН па правах чалавека ў часе перапынку ў нефармальнай размове ўжо выказаў беларускім журналістам незадаволенасьць тым, што незалежныя мэдыі паведамілі пра сустрэчу з Маргарэт Сэкагіяй, і тое, што яна не адступаецца ад намеру наведаць Беларусь. Афіцыйная Беларусь спрабуе зрабіць выгляд, што такіх зваротаў не было.

Беларускія улады маўчаць

Тым часам і спэцдакладчык ААН па свабодзе слова прасіў у беларускіх уладаў запрасіць яго ў краіну пасьля прынятай ў чэрвені 2011 году рэзалюцыі па Беларусі. Гэтая рэзалюцыя, сярод іншага, прасіла сямёх спэцдакладчыкаў ААН надаць асаблівую увагу Беларусі. Пяцёра зь іх — у тым ліку і Франк ля Ру, і Маргарэт Сэкагія — выслалі запыты Беларусі. Але да гэтага часу няма адказу ад беларускіх уладаў. Сыстэма менавіта так дзейнічае: спэцдакладчык накіроўвае запыт у краіну, а краіна павінна яго запрасіць.

Чаму візыт спэцдакладчыка ў Беларусь такі важны? Жэнэўскі офіс Фундацыі Дамоў правоў чалавека, які спадзяецца, што гэтыя візыты адбудуцца, тлумачыць гэта наступным чынам:

Спэцдакладчык ААН мае асаблівы аўтарытэт у міжнароднай сфэры, бо гэта цалкам незалежны экспэрт, які не прадстаўляе інтарэсы ніякай асобнай краіны ці арганізацыі. Спэцдакладчык ААН не прадстаўляе нават і ААН — ААН толькі яго прызначае, каб атрымаць аб’ектыўную інфармацыю. Наведаньне краіны — важная частка працоўных мэтадаў спецдакладчыка. Гэты мэтад ужываецца ў часе ўсіх спэцыяльных працэдураў для ўсіх краінаў, у якіх спэцдакладчыкі бачаць наяўнасьць праблемаў, зьвязаных зь іх мандатам, і гэта, натуральна, не зьяўляецца нейкім асаблівым інструмэнтам, адмыслова накіраваным супраць Беларусі. Беларускія праваабаронцы нядаўна зьвярталі ўвагу ў адмысловым прэс-рэлізе, што афіцыйная Беларусь ухіляецца ад міжнароднай супрацы з сыстэмай правоў чалавека ў рамках ААН.

«У выпадку адсутнасьці супрацы з Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый у галіне правоў чалавека, Рада па правах чалавека павінна пачынаць дзейнічаць. На жаль, у такіх выпадках, Рада мае толькі вельмі абмежаваны мандат для дзеяньняў, галоўным чынам, прызначэньне спэцыяльнага дакладчыка, адказнага па канкрэтнай сытуацыі ў краіне», — падкрэсьліў Флёрыян Ірмінгер, кіраўнік Фундацыі Дамоў правоў чалавека па міжнароднаму адвакатаваньню.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства