viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: “Спецдакладчык ААН па Беларусі – механізм, хоць не зусім эфектыўны, але вельмі неабходны”

2012 2012-06-18T16:31:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч

Падчас 20-й сесіі Рады па правах чалавека ААН, якая распачынаецца сёння ў Жэневе, будзе абмяркоўвацца неабходнасць мандата спецдакладчыка па Беларусі. На гэтым настойваюць праваабарончыя арганізацыі, якія прадставілі ў Раду сумесны даклад па сітуацыі ў краіне. Сярод аўтараў дакладу – Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Намеснік кіраўніка арганізацыі Валянцін Стэфановіч тлумачыць, чаму гэтае пытанне актыўна лабіявалася ў ААН.

- Такая неабходнасць выкліканая некалькімі акалічнасцямі. Па-першае, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не палепшылася з моманту апошняга дакладу Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН па Беларусі, які спн. Наванэтхем Пілэй рабіла падчас 18-й сесіі Рады па правах чалавека. Але найбольш нас турбуе сітуацыя з адсутнасцю  належнага супрацоўніцтва паміж беларускім урадам і ААН, найперш з такімі кантрольнымі механізмамі ААН, як Камітэт па правах чалавека, паколькі гэта сапраўды выглядае як выклік з боку беларускіх уладаў. Апошні іх крок у гэтым кірунку – заява пра тое, што дзяржава фактычна не прызнае кампетэнцыі Камітэта па правах чалавека ААН, паколькі нібыта не ратыфікавала працэдуры працы гэтага камітэта. Хоць трэба нагадаць, што Беларусь ратыфікавала першы Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, узяўшы на сябе такім чынам абавязальніцтвы найперш выконваць сам Пакт, і прызнала кампетэнцыю Камітэта па правах чалавека ААН. Мы гэтай сітуацыяй найбольш занепакоеныя і лічым, што ў звязку з гэтым ёсць сур’ёзная неабходнасць увядзення спецдакладчыка.

- ААН ужо прымяняла такую практыку да нашай краіны. Аднак у 2007-м годзе Рада па правах чалавека скасавала мандат спецдакладчыка па Беларусі. Наколькі гэта складаная працэдура – аднаўленне мандату?

- Усё залежыць ад таго, як будуць галасаваць прадстаўнікі краінаў-сябраў Рады па правах чалавека ААН. Зразумела, што ёсць краіны, якія не жадаюць аднаўлення спецдакладчыкаў у прынцыпе. Шмат хто з сябраў Рады ў гэтым не зацікаўленыя, бо разумеюць, што такія ж механізмы могуць быць ужытыя і ў дачыненні да іх саміх. Ёсць краіны, якія падтрымліваюць гэтую ідэю адносна Беларусі, найперш – краіны Еўразвяза, некаторыя краіны Паўднёвай Амерыкі. Таму тут цяжка казаць штосьці канкрэтна – будзе галасаванне, з якога будзе бачна.

- Як паказаў досвед Адрыяна Севярына, спецдакладчык усё адно не можа працаваць паўнавартасна, паколькі беларускі ўрад не дапускае яго на тэрыторыю краіны…

- Так, многія з дэлегацыяў, з якімі мы сустракаліся падчас нядаўняга візіту ў Жэневу, паставіліся крытычна да аднаўлення спецдакладчыка па Беларусі – не таму што яны супраць гэтага механізму як такога. Яны задавалі пытанне: “Што гэта мяняе?”. Яны казалі, што ў любым разе Беларусь не будзе супрацоўнічаць з гэтым спецдакладчыкам, улады не запросяць яго ў краіну. І гэта таксама праўда. Такі досвед у нас быў з мінулым спецдакладчыкам – Адрыянам Севярынам, і мы кантактавалі з ім толькі па-за межамі краіны.

Але з іншага боку, увядзенне спецдакладчыка ў любым разе падвышае ўвагу да сітуацыі ў Беларусі з боку ААН і яшчэ раз падкрэслівае праблему супрацоўніцтва, якога на сённяшні дзень, асабліва ў галіне грамадзянскіх і палітычных правоў, фактычна няма. То бок, рашэнні Камітэта па правах чалавека Рэспубліка Беларусь не выконвае, урад іх лічыць неабавязковымі для выканання, з факультатыўным статусам, і гаворыць, што няма імплементацыі – якім чынам гэта можа быць выкарыстана ў нацыянальным заканадаўстве. (Хоць ёсць ратыфікаваная Беларуссю Венская канвенцыя аб праве міжнародных дамоваў, а Пакт з’яўляецца міжнароднай дамовай - адпаведна, з’яўляецца абавязковым для выканання.) Беларусь рэгулярна прапускала тэрміны прадстаўлення ў Камітэт па правах чалавека справаздачаў аб выкананні Пакту. І не толькі ў гэты кантрольны механізм ААН, тут таксама можна ўзгадаць і Камітэт супраць катаванняў, перыядычнасць прадастаўлення дакладаў у які таксама парушалася. Апошнія тэматычныя спецдакладчыкі былі ў краіне вельмі даўно: па незалежнасці судовай сістэмы і адвакатуры – у 2000-м годзе, па адвольных затрыманнях – у 2004-м годзе. То бок, урад не запрашае і тэматычных спецдакладчыкаў на тэрыторыю краіны, каб яны маглі прыехаць, сустрэцца з ахвярамі парушэнняў правоў чалавека, з праваабарончымі арганізацыямі, з уладамі і абмеркаваць існуючыя праблемы. Нас, праваабаронцаў, такая сітуацыя вельмі непакоіць,бо трэба ўлічваць, што нашыя грамадзяне не могуць скарыстацца рэгіянальнай сістэмай абароны правоў чалавека, бо Беларусь не ўваходзіць у Раду Еўропы, не ратыфікавала Еўрапейскую канвенцыю па правах чалавека і, адпаведна, не прызнае кампетэнцыю Еўрапейскага суда па правах чалавека ў Страсбургу. Таму адзінай для нас магчымасцю, якую мы можам скарыстаць на міжнародным узроўні, застаецца сістэма ААН. І, зразумела, праваабаронцы зацікаўленыя ў тым, каб такое двухбаковае супрацоўніцтва вялося і тыя рэкамендацыі, якія робяцца кантрольнымі механізмамі ААН у канкрэтных галінах, беларускі ўрад улічваў.

- Што можна сказаць пра эфектыўнасць гэтых механізмаў з улікам беларускай сітуацыі?

- Механізмы такога кшталту, прама скажам, малаэфектыўныя – менавіта праз тое, што Беларусь не выконвае свае міжнародныя абавязальніцтвы. І мы разумееем, што ніхто не можа прымусіць іх выконваць – гэта добрая воля, палітычная воля краіны. Калі дзяржава ўзяла на сябе абавязальніцтвы – то павінна прынамсі старацца іх выконваць! Беларусь і працэдуру Універсальнага перыядычнага агляду праходзіла, падчас якога таксама даваліся рэкамендацыі. І што мы бачым на выхадзе? Што ўрад не прыняў рэкамендацыі, досыць важныя для нас з пункту гледжання правоў чалавека, а прыняў нейкія больш агульнага характару.

Такая ж сітуацыя і з АБСЕ, ў якой Беларусь мае сяброўства. І тут таксама няма эфектыўных механізмаў. Быў задзейнічаны Маскоўскі механізм ў дачыненні да Беларусі, і мы бачылі ўсё тое ж самае: быў прызначаны спецдакладчык, урад не прызнаў гэты мандат, не дапускаў яго на тэрыторыю краіны, даклад быў агучаны – ніякіх наступстваў мы не адчулі. Беларусь не хоча супрацоўнічаць з міжнароднымі арганізацыямі, сябрамі якіх яна з’яўляецца, і ўлады пры гэтым прыкрываюцца пазіцыяй, што ўсё гэта падвоеныя стандарты, што гэта ўсё палітызавана, што ўсё робіцца толькі краінамі Еўразвязу. Хоць мы, праваабаронцы, лічым, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не самая лепшая, калі браць Еўрапейскі кантынент. Зразумела, што ў свеце ёсць шмат краінаў, дзе сітуацыя значна горшая і нават катастрафічная, калі казаць пра Сірыю і падобныя краіны. Але нас турбуе сітуацыя ў Беларусі – бо мы тут жывем і працуем.

Даведка УВКПЧ ААН: Спецыяльныя працэдуры (СП) - гэта агульная назва, дадзеная механізмам, створаным Камісіяй па правах чалавека і прынятым Радай па правах чалавека для разгляду або канкрэтных сітуацый у краіне, альбо тэматычных пытанняў ва ўсіх частках свету. СП могуць прадпрымаць розныя дзеянні, уключаючы адказы на скаргі асобных асобаў, правядзенне даследаванняў, прадастаўленне кансультацый па пытаннях тэхнічнага супрацоўніцтва на нацыянальным узроўні, а таксама ўдзел у агульнай заахвочвальнай дзейнасці. У рамках сваёй дзейнасці большасць СП атрымліваюць інфармацыю аб канкрэтных заявах аб парушэннях правоў чалавека і накіроўваюць урадам заклікі да хуткіх дзеянняў або лісты з указаннем меркаваных парушэнняў, у якіх яны просяць даць тлумачэнні. Уладальнікі мандатаў звычайна накіроўваюць ліст ўраду з просьбай аб наведванні дадзенай краіны, і, калі ўрад дае згоду, выдаецца запрашэнне на наведванне. Некаторыя краіны выдалі "пастаянныя запрашэнні", што азначае ў прынцыпе іх гатоўнасць прыняць візіт любога ўладальніка мандата СП. Па выніках сваіх паездак ўладальнікі мандатаў СП выпускаюць даклад пра паездку, які змяшчае іх высновы і рэкамендацыі.

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства