Даклад дакладчыка АБСЕ па Беларусі ў рамках Маскоўскага механізму (+ тэкст дакумента)
Прафесар Эмануэль Дэко ў працэсе падрыхтоўкі
даклада праз адмову Беларусі супрацоўнічаць з місіяй не змог наведаць Менск. Але ён правёў інтэнсіўныя кансультацыі ў Парыжы, Жэневе, Вене, Варшаве
і Вільнюсе з міжнароднымі арганізацыямі, прадстаўнікамі дыпламатычнай
супольнасці, няўрадавых арганізацый і грамадзянскай супольнасці.
"Місія па
ўстанаўленні фактаў паказвае на сур'ёзнасць, працягласць і маштаб грубых і
сістэматычных парушэнняў правоў чалавека пасля падзей 19 снежня. Гэта тычыцца не толькі доўгага спісу асобных спраў, якія выклікаюць
сур'ёзную занепакоенасць, у тым ліку спраў "палітычных зняволеных",
але таксама сістэмы сацыяльнага кантролю за кошт запалохвання і пераследу,
катаванняў і шантажу, праслухоўвання тэлефонных размоваў, ілжывых паказанняў і
прымусовых прызнанняў, з адвольнымі і дыскрымінацыйнымі
мерамі і санкцыямі ў дачыненні да асоб і членаў іх сем'яў. Пад
некаторымі юрыдычнымі завесамі няма ні незалежнага правасуддзя, ні законнасці. Беларусі неабходна выконваць свае міжнародныя абавязацельствы ў рамках
АБСЕ і ААН і пагадзіцца на поўны і сталы маніторынг выканання правоў чалавека, які
ажыццяўляецца незалежнымі органамі і арганізацыямі", - гаворыцца ў
Рэзюмэ дакладу.
Нагадаем, што 6 красавіка 2011 года ў дачыненні да Беларусі 14 краінамі-ўдзельніцамі
АБСЕ быў ініцыяваны "Маскоўскі механізм". У
рамках гэтай працэдуры спецдакладчыкам па Беларусі быў прызначаны прафесар міжнароднага права
Парыжскага ўніверсітэта Эмануэль Дэко, які ў траўні пачаў працу па вывучэнні
сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Афіцыйны Менск не
прызнаў спецдакладчыка, і яго візіт у Беларусь не адбыўся, паколькі ён не атрымаў
запрашэння ад урада. Нягледзячы на гэта, Эмануэль Дэко
падрыхтаваў даклад па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. 16 чэрвеня
Пастаянны савет АБСЕ разгледзеў гэты дакумент і заклікаў афіцыйны Менск
выконваць свае міжнародныя абавязацельствы.
Даведка: "Маскоўскі механізм" быў прыняты АБСЕ ў 1991 годзе як комплекс мераў надзвычайнага характару для маніторынгу сітуацыі ў краіне, дзе становішча дэстабілізавана - ёсць востры канфлікт, масавае парушэнне правоў чалавека і да т.п. АБСЕ стварае адмысловую камісію, якая назірае за сітуацыяй і дае экспертнае заключэнне, якое кладзецца ў аснову палітыкі арганізацыі ў дачыненні да гэтай краіны. Гэта адзін з нешматлікіх інструментаў АБСЕ, рашэнне аб прымяненні якога не патрабуе дасягнення кансэнсусу сярод усіх краін-удзельніц; яго могуць ініцыяваць не менш як 10 краін-удзельніц. Да дзяржавы, якая перашкаджае працы камісіі АБСЕ ці не выконвае рэкамендацыі арганізацыі, могуць быць ужытыя рознага кшталту санкцыі.