viasna on patreon

Алег Воўчак просіць спецдакладчыка ААН па катаваннях наведаць турму на Акрэсціна

2012 2012-06-14T12:28:11+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/volchak_alieh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алег Волчак, кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву”

Алег Волчак, кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву”

У сваім звароце праваабаронца звяртае ўвагу на тое, што зняволеныя знаходзяцца ў жудасных, бесчалавечных умовах.

Старшыня праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак у траўні быў затрыманы ў Мінску, па ілжывым абвінавачванні ў дробным хуліганстве. Судом Цэнтральнага раёна яму было прызначана 9 сутак арышту. Праваабаронца адбываў арышт акурат на Акрэсціна - у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Спадар Воўчак апісвае ўмовы, у якіх там знаходзяцца арыштаваныя:

«У камерах ЦІП нават летам увесь час холадна, ноччу з-за холаду немагчыма спаць. Натуральнага асвятленне практычна няма, на чацвёртыя суткі пры такім асвятленні пачынаюць балець вочы. Вентыляцыі ў камерах няма, таму ўвесь час адчуваецца тухлы пах. Сцены вельмі брудныя. Вокны ў камерах не прадугледжаныя для натуральнага асвятлення, таму кругласуткава гарыць лямпачка на 40 ват, пры такім асвятленні чытаць немагчыма, баляць вочы. Туалет ад камеры не адгароджаны перагародкай, яго не апрацоўваюць дэзінфікуючымі сродкамі, у сувязі з чым, у камеры увесь час адчуваецца пах экскрыментаў. Гарачай вады ў камерах няма, у душ выводзяць адзін раз у тыдзень, сродкі асабістай гігіены (мыла і туалетную паперу) не выдаюць.

Асобных спальных месцаў для арыштаваных не прадастаўляецца, таму ўсе вымушаныя спаць на адным драўляным ложку. Пасцельных прыналежнасцяў не выдаюць. Такім чынам, людзі спяць ўсе разам на адным драўляным ложку без пасцельнай бялізны ў верхняй вопратцы, змярзаючы па начах. Сталоў, тумбачак і крэслаў ў камерах няма. Шпацыр на свежым паветры кожны дзень не дазваляюць, праз гэта людзі вымушаныя ў маленькіх камерах знаходзіцца ўвесь тэрмін адбыцця арышту, без натуральнага асвятлення і фізічных практыкаванняў. Падчас майго арышту, мне не перадавалі лісты і тэлеграмы, мне іх уручылі толькі пры вызваленні”.

Палітычныя і грамадзянскія актывісты, якія за сваю дзейнасць былі затрыманыя і змешчаныя на Акрэсціна, таксама звяртаюць увагу на жудасныя ўмовы, у якіх там знаходзяцца людзі. Распавядае актывіст “Маладога Фронту” Уладзь Яроменак: “Умовы нязменныя з года ў год: пацукі, вошы. Пацукі досыць вялікія, адчуваюць сябе па-гаспадарску. Неахвотна ўцякаюць, толькі калі нешта ў іх кінеш. Цягаюць хлеб, сурвэткі. У камеру да нас «закінулі» арыштаванага з вошамі. Даведаліся пра гэта толькі калі ўбачылі, што ён чухаецца. Папрасілі, каб яго завялі ў «пражарку», але на выходных пакой санапрацоўкі не працуе. Так і сядзелі з вошамі да панядзелка. Паветра ў камеры саспрэлае, за 18 сутак, якія я там правёў, вывелі на шпацыр толькі два разы”. Ягоны паплечнік Мікола Дземідзенка кажа, што пасля сёлетняга сакавіцкага затрымання ўсе дзесяць сутак свайго арышту правёў на першым паверсе турмы, у камеры без вокнаў і ацяплення. Па словах актывіста, міліцыянты такім чынам пакаралі яго за адстойванне ўласных правоў. Яму таксама адмаўлялі ў медыцынскай дапамозе, спасылаючыся на адсутнасць у турме лекаў. Але самай галоўнай перашкодай нармальнаму існаванню на Акрэсціна Мікалай Дземідзенка называе вялікую колькасць пацукоў і нізкую тэмпературу.

 Па меркаванні праваабаронцы Алега Воўчака, у сукупнасці ўмовы ўтрымання на Акрэсціна парушаюць арт.10, пункты а, b арт.11, арт.12, арт.15, арт.19, арт.21, арт.37, п.1 арт.60 мінімальных стандартных правілаў ААН абыходжання са зняволенымі. Такія ўмовы  з'яўляюцца бесчалавечнымі, яны зневажаюць чалавечую годнасць. Небяспека сітуацыі складаецца ў тым, што гэта працягваецца ўжо шмат год адносінах да ўсіх арыштаваных. “Увесь гэты час у ЦІП увесь час змяшчаюцца не менш за 20 чалавек, якія вымушаныя сядзець у жудасных, бесчалавечных умовах,” - піша ў сваім паведамленні да ААН Алег Воўчак.

Праваабаронца просіць спецдакладчыка ААН па катаваннях наведаць Беларусь і праверыць ўмовы ўтрымання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта па адрасе Мінск, 1 зав. Акрэсціна, 36. А таксама запатрабаваць ад Беларусі прывесці ўмовы ўтрымання ў гэтай турме ў адпаведнасці з мінімальнымі стандартнымі правіламі ААН абыходжання са зняволенымі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства