viasna on patreon

Менскі гарадскі суд адмовіўся прыцягваць да адказнасьці суддзю Сямак

2012 2012-06-11T16:16:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-partyzanski-sud-02.12.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч у судзе Партызанскага раёна 2 снежня. Фота svaboda.org

Валянцін Стэфановіч у судзе Партызанскага раёна 2 снежня. Фота svaboda.org

З такім патрабаваньнем зьвяртаўся намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч. У сакавіку ягонае прозвішча было ўнесена ў сьпісы невыязных грамадзян з Беларусі. Праваабаронца зьвярнуўся ў суд, аднак ужо больш за тры месяцы не прызначаюць дату разгляду ягонай скаргі.

У адказе Валянціну Стэфановічу старшыня суда Уладзімір Пуцыла называе прычыну – “загружанасьць суддзі”, а таму “падставаў для прыцягненьня суддзі суда Цэнтральнага раёна Менска Сямак А.М. па ўказаных у скарзе довадах у цяперашні час не ўстаноўлена”.

4 траўня Валянцін Стэфановіч накіраваў на імя старшыні Менскага гарадскога суда заяву пра грубейшае парушэньне заканадаўства з боку суддзі Цэнтральнага раёна Алены Сямак, якая зацягвае разгляд скаргі невыязнога праваабаронцы. Як указана ў скарзе, Валянцін Стэфановіч 21 сакавіка зьвярнуўся ў суд Цэнтральнага раёна Менска са скаргай на дзеяньні Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Паводле паштовага апавяшчэньня скарга атрыманая судом Цэнтральнага раёна 26 сакавіка.  Аднак суддзя Алена Сямак, якой была перададзеная скарга ў вытворчасьць, дагэтуль не прызначыла разгляд у судовым паседжаньні.

Па падобных скаргах суддзі абавязаны вынесьці рашэньне на працягу аднаго месяца з дня атрыманьня скаргі. Такія патрабаваньні грамадзянска-працэсуальнага заканадаўства. Пасьля атрыманьня скаргі суддзя абавязаны альбо адмовіць заяўніку ва ўзбуджэньні справы пры наяўнасьці для таго законных падставаў, альбо пакінуць скаргу без руху для выпраўленьня наяўных недахопаў, альбо ўзбудзіць справу. Аднак зараз суддзі пасьля атрыманьня скаргаў проста маўчаць. З такой праблемай сутыкнуліся многія невыяздныя палітычныя і грамадскія дзеячы – на сёньня вядома 12 прозвішчаў тых, каму забаронены выезд зь Беларусі.

У прыватнасьці, скаргу Валянціна Стэфановіча на дзеяньні Міністэрства абароны па незаконным абмежаваньні права на выезд за межы Рэспублікі Беларусь суддзя Алена Сямак павінна была разгдедзець не пазьней за 26 красавіка. Праваабаронца лічыць, што сваімі дзеяньнямі суддзя дапусьціла грубейшае парушэньне дзеючага заканадаўства пры ажыццяўленьні ёй правасуддзя. У сувязі з гэтым, кіруючыся артыкуламі 111, 114, 115, 119 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, ён зьвяртаўся з просьбай узбудзіць дысцыплінарную вытворчасьць і прыцягнуць суддзю Алену Сямак да дысцыплінарнай адказнасьці, прадугледжанай дзеючым заканадаўствам.

Валянцін Стэфановіч таксама атрымаў адказ са Следчага камітэта. Праваабаронца накіраваў туды заяву аб узбуджэньні крымінальнай справы, бо мае падазрэньні наконт наўмысных злачынных дзеяньняў, скіраваных на незаконнае абмежаваньне ягоных канстытуцыйных правоў, не выключаючы службовага падлогу, які выражаецца ў незаконным унясеньні ягоных зьвестак у банк дадзеных грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якім часова абмежавана права выезду з Рэспублікі Беларусь. Валянцін Стэфановіч паведаміў Следчаму камітэту пра безвыніковасьць сваіх зваротаў у розныя дзяржаўныя органы, дзе ён шукаў адказу на пытаньне, паводле чыйго рашэньня яму абмяжоўваецца выезд за мяжу. А таксама праваабаронца зьвярнуў увагу, што падставы для часовага абмежаваньня права на выезд з Беларусі, пазначаныя ў даведцы, з’яўляюцца абсурднымі і відавочна незаконнымі. Па-першае, ён на 12 гадоў старэйшы за максімальны прызыўны ўзрост, устаноўлены дзеючым заканадаўствам, і, па-другое, ён ужо праходзіў тэрміновую вайсковую службу ў 1990-92 гг. Улічваючы таксама, што па падобных прычынах абмежаваны выезд шэрагу прадстаўнікоў незалежных СМІ, сябраў грамадскіх аб’яднанняў і апазіцыйных палітычных партый, праваабаронца выказвае меркаваньне, што гэтыя абмежаваньні не з’яўляюцца выпадковасьцю ці тэхнічнай памылкай, а сьведчаць пра спланаваную незаконную палітычна матываваную акцыю беларускіх спецслужбаў.

Аднак начальнік аддзела па працы са зваротамі грамадзян галоўнага ўпраўленьня арганізацыі і забяспячэньня расследаваньня злачынстваў Мікалай Данілюк, за чыім подпісам прыйшоў адказ, лічыць, што дадзеная справа знаходзіцца не ў кампетэнцыі Следчага камітэта.

Нагадаем, што 11 сакавіка Валянцін Стэфановіч не змог выехаць з Беларусі. На беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску “Каменны Лог” супрацоўнікі памежнай службы паведамілі, што яму адмоўлена ў выездзе. Па вяртанні ў Менск правабаронца наведаў падраздзяленьне па грамадзянстве і міграцыі. Там Валянціну Стэфановічу заявілі, што яго ўнесьлі ў сьпіс невыязных па прычыне “ухіленьня ад мерапрыемстваў па прызыву”. Але ў раённым ваенкамаце, дзе праваабаронца стаіць на ўліку, адмаўляюць факт прызыву, паколькі спадар Стэфановіч даўно звольнены ў запас. У Менскім гарадскім ваенкамаце таксама абверглі інфармацыю аб прызыве намесьніка старшыні “Вясны”.

Зараз Валянцін Стэфановіч чакае адказу з Міністэрства ўнутраных спраў, куды накіраваў зварот з просьбай выключыць ягонае прозьвішча з банку дадзеных грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якім часова абмежавана права выезду з РБ. “Пасьля таго, як скарыстаю ўсе магчымасьці на нацыянальным узроўні, я планую зьвярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН з індывідуальным зваротам наконт адмовы ў рэгістрацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, незаконнага абмежаваньня права пакідаць сваю краіну - выключна ў сувязі з маёй праваабарончай дзейнасьцю, а таксама ў сувязі з тым, што мне было адмоўлена ў правасуддзі ў краіне, бо я апеляваў да суда, а суд маю справу папросту ігнаруе”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства