Хаджэнні Чарнавуса па судах працягваюцца
Баранавіцкі прадпрымальнік і грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус 23 траўня накіраваў зыскавую заяву ў Брэсцкі абласны гаспадарчы суд. Ужо амаль паўгады ён імкнецца аспрэчыць вынікі “выбараў” Рады Цэнтральнага каапрынку.
Спачатку заяўнік звяртаўся ў гарадскую і двойчы ў абласную пракуратуру, каб дамагчыся адмены вынікаў “выбараў”, якія, на яго думку, былі праведзены з парушэннем дзеючага заканадаўства. Новая Рада кааператыўнага кірмаша была прызначана адміністрацыяй горада і рынка, а не абраная на агульным сходзе прадпрымальнікаў. Не вырашылі гэтую праблему Баранавіцкі гарадскі, а затым і Брэсцкі абласны суды. 14 траўня суддзя абласнога суда Таццяна Людвіг адмовілася разглядаць скаргу.
Тым не менш Мікалай Чарнавус не губляе надзеі дамагчыся справядлівасці. Не знайшоўшы адказаў на свае пытанні ў сістэме агульных судоў, прадпрымальнік накіраваў зыскавую заяву ў Брэсцкі абласны гаспадарчы суд. Прадпрымальнік просіць адмяніць вынікі выбараў Рады рынку, якія праходзілі 18-20 снежня 2011 г., і спагнаць з адказніка на сваю карысць памер дзяржаўнай пошліны - 500 тысяч рублёў.