Улады адмаўляюць гомельскім дэмакратам у правядзенні пікетаў
Прадстаўнікі гомельскіх дэмакратычных сіл атрымліваюць адмовы з гарвыканкаму на заяўкі аб правядзенні пікетаў «За сумленныя выбары без Лукашэнкі». 24 актывісты з Гомеля і яшчэ 7 – з раённых цэнтраў накіроўвалі заяўкі аб правядзенні пікетаў у сваіх мясцовасцях. Мэтай масавага мерапрыемства заяўнікі называлі актуалізацыю праблемаў адсутнасці ў Беларусі свабодных і сумленных выбараў. Пікеты планавалі правесці 15 траўня.
Ужо 7 чалавек атрымалі адказы на свае заяўкі. Ва ўсіх выпадках – адмовы. У прыватнасці, пікет ля Давыдаўскага рынка ў Гомелі забаранілі ў сувязі з тым, што «няправільна выбрана месца масавага мерапрыемства». У абласным цэнтры вызначана толькі адно месца, дзе можна ладзіць масавыя мерапрыемствы – пляцоўка ля Палацу культуры глухіх.
Таксама ў адказах значыцца, што заяўнікі павінны былі загадзя заключыць дамовы з міліцыяй, медыкамі і камунальнымі службамі на абслугоўванне мерапрыемстваў. Аднак парадку заключэння такіх дамоваў няма, зрабіць гэта фактычна немагчыма.