Да Яўгена Васьковіча не даходзяць нават віншавальныя паштоўкі
Былая калега Яўгена Васьковіча па газеце “Бабруйскі кур’ер” Алеся Скапінцава атрымала ад яго першы, доўгачаканы ліст. У ім вязень магілёўскай калоніі № 4 не падцвердзіў здагадкі бабруйчан, што толькі іх лісты да Яўгена не даходзяць. Аказалася, што яго допісы таксама даходзяць не да ўсіх адрасатаў.
Чаму цэнзары прапусцілі менавіта гэты ліст, незразумела. “Лістоў тваіх, на жаль, не атрымліваю, хоць і пісаў раней. Буду і надалей па магчымасці пісаць табе”, - паведамляецца ў лісце.
Яўген напісаў, што на здароўе і настрой не скардзіцца і перадваў прывітанне “усім нашым журналістам”.
Дасюль не атрымала ні аднаго ліста і партыйная калега Васьковіча – Таісія Кабанчук. А Тамара Васьковіч, бабуля Яўгена, паведаміла, што яе ўнук дасюль не атрымаў ні адной віншавальнай паштоўкі з нагоды яго народзінаў, які быў даволі даўно, яшчэ 26 лютага. Толькі адны бабруйскія калегі і сябры хлопца даслалі яму некалькі дзесяткаў віншавальных паштовак.
-Шкада, што цэнзары нават віншаванні не прапускаюць, - кажа Таісія Кабанчук. – Упэўненая, што яны гэта робяць спецыяльна, каб нашыя палітвязні засталіся ў ізаляцыі, і не адчувалі падтрымку.