Галасаваньне аб пазбаўленьні Беларусі гандлёвых прэферэнцый адкладзенае
Савет Эўрапейскага зьвязу адклаў рашэньне пытаньня аб часовым выключэньні Беларусі з Генеральнай сыстэмы прэферэнцый, якое было прызначанае на 12 кастрычніка. Аб гэтым гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні Эўрапейскага зьвязу ў чацьвер. Прадстаўнікі Савету ЭЗ адклалі галасаваньне па пытаньні санкцый у дачыненьні да Беларусі з-за працэдурных праблем, даўшы, такім чынам, беларускаму боку магчымасьць сканцэнтраваць намаганьні для захаваньня дзеючага прэферэнцыяльнага рэжыму.
Магчыма, Менск пойдзе на некаторыя саступкі ў дачыненьні да правоў прафсаюзаў на сустрэчы з прадстаўнікамі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), якая мае быць, гаворыцца ў паведамленьні.
Эўракамісія пачала працэдуру па адмене для Беларусі гандлёвых палёгак у ліпені 2005 г па ініцыятыве МАП у сувязі з абмежаваньнямі ў краіне правоў прафсаюзных арганізацый.
Як раней паведамляў ПРАЙМ-ТАСС, у ліпені 2006 г калегія еўракамісараў зацьвердзіла праект рэглямэнту аб часовым выключэньні Беларусі з ГСП і вынесла гэтае пытаньне на абмеркаваньне працоўнай групы Савета Еўразвяза.
Па адзнацы экспэртаў, у выпадку адмены ГСП асноўная частка тавараў, якія падпадаюць пад яе дзеяньне, будзе экспартавацца з паніжэньнем рэнтабельнасьці, а экспарт іншай часткі тавараў спыніцца ў сувязі са стратнасцю паставак. Найбольшыя страты панясуць прадпрыемствы канцэрна "Белнафтахім", падзеньне экспарту ў якіх можа дасягнуць 100 млн даляраў у год, прычым толькі палову з гэтага аб`ёму атрымаецца кампенсаваць за конт дыверсыфікаваньня паставак.
Ва ўрадзе Беларусі расцэньваюць магчымую адмену прэферэнцый з боку ЭЗ як меру дыскрымінацыйнага характару, здольную прычыніць значную эканамічную шкоду, калі ўлічыць высокую долю экспарту ў структуры ВУП краіны.