Дзяўчына Дзіянава: Мне пагражалі вывазам у лес і публікацыяй фотаў ню
Маргарыта Лавышык, сяброўка каардынатара кампаніі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» Вячаслава Дзіянава, апублікавала відэазварот, у якім расказала, што ёй давялося перажыць ад спецслужбаў.
«18 красавіка 2012 года да мяне павінна была прыехаць мая дзяўчына — Маргарыта, — піша Вячаслаў Дзіянаў у сваім блогу.
— Усе рэчы былі сабраныя, дый білет на аўтобус Мінск-Варшава ўжо набыты. Але запланаванаму не наканавана было спраўдзіцца.
У той дзень мы дамовіліся пагутарыць праз скайп а 12:00. У гэты час мне і прыйшлі паведамленні прыкладна такога зместу: «Тут невядомыя людзі каля дома, я баюся», «! Што мне рабіць, суседзі кажуць: яны з раніцы тут і што мне не трэба выходзіць».
Я неадкладна патэлефанаваў праз скайп. Голас Маргарыты быў спалоханым, а пытанне — толькі адно: «Што рабіць?»
Мая дзяўчына не была звязана з апазіцыяй і, тым больш, не з'яўлялася актывісткай якогасьці руху. У яе не тое што допыту — ні аднаго прыводу ў міліцыю за ўсё жыццё не было.
Але доля распарадзілася так, што яна ў той дзень упершыню на свае вочы ўбачыла тое, што СМІ называюць «рэпрэсіямі сістэмы». Пад вокнамі стаяў мікрааўтобус Volkswagen Transporter сіняга колеру з наглуха танаваным шклом. Стандартны транспарт міліцэйскага спецназа.
Першае, што я сказаў: «Супакойся».
Праз 30 хвілін мы вырашылі, што дзяўчынка, якая жыла ў адной кватэры з Маргарытай, магла б выйсці з кватэры і агледзецца.
Як толькі Крысціна пакінула пад'езд, да яе падышлі людзі ў цывільным. Як гэта адбывалася, было чуваць па тэлефоне, так як Маргарыта ў гэты момант з ёй размаўляла. Не прайшло і пяці хвілін, як ўваходныя дзверы з грукатам адчыніліся, а ў пакой убеглі 5 чалавек у цывільным адзенні. Апошняе, што я чуў у скайпе — гэта словы маёй дзяўчыны: «На якой падставе вы ўвайшлі? Куды вы мяне цягнеце? Хто вы?»
Дзіянаў мяркуе, што сілавікі, якія затрымлівалі Лавышык, не разлічвалі, што скайп у момант затрымання будзе ўключаны і праз 5 хвілін пасля затрымання першая інфармацыя пра гэта з'явіцца на сайтах беларускіх СМІ.
Кіраваў затрыманнем Маргарыты нехта Алег Віктаравіч Бягуноў. Са словаў Дзіянава, па дарозе ў РУУС ён пагражаў дзяўчаткам, што адвязе іх у лес і расстраляе. Маргарыта расказвае пра гэта і на відэа.
«Маргарыту прывезлі ў РУУС Маскоўскага раёна, дзе адвялі на другі паверх. Там ужо чакалі супрацоўнікі КДБ, якія тут жа зладзілі маёй дзяўчыне допыт са стараннасцю. Яго праводзілі два супрацоўнікі», — піша Дзіянаў.
Допыт доўжыўся цэлыя 8 гадзін.
«У выніку, — паведамляе Дзіянаў, — прымусілі яе зачытаць з паперы тэкст, у якім гаварылася, што дзяўчына даўно дапамагае РПСС, нібыта атрымлівае ад мяне грошы і тое, што я — «дрэнны чалавек».
«Гучалі пагрозы, што яны пасадзяць Маргарыту на 15 сутак, а васьмігадзінныя допыты будуць ладзіць штодня, — піша Дзіянаў. — Пад такім ціскам дзяўчына ў выніку пагадзілася на ўсё, што яны патрабавалі. Праўда, падпісваць якіясьці паперы яе не прымушалі, дый да супрацоўніцтва схіліць не спрабавалі. Пасля ганебнага допыту дзяўчат адправілі ў сумна вядомы ЦІП на завулку Акрэсціна. Там яны прабылі да раніцы. Пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна неаднаразова пісалі, на гэтым спыняцца не буду, адзначу толькі, што ўсяго за адну ноч Маргарыта паспела там сур'ёзна застудзіць спіну, а болі не праходзяць да гэтага часу.
Раніцай дзяўчат адвезлі ў суд, дзе ўжо добра вядомая працэсамі супраць «палітычных» і пазбаўленая за гэта права ўезду ў Еўрасаюз суддзя Таццяна Яраславаўна Матыль вынесла Маргарыце адміністрацыйную пастанову аб штрафе ў 15 базавых велічынь.
Маргарыта прызнала віну, бо проста ў судзе міліцыянт-ахоўнік патлумачыў ёй: у адваротным выпадку на Акрэсціна прыйдзецца правесці яшчэ 15 сутак. Зразумела, што непадрыхтаваная дзяўчына была гатова прызнаць усё, што заўгодна, каб толькі не вяртацца ў гэтае пекла, — расказвае хлопец. — Апынуўшыся на волі, Маргарыта хацела толькі аднаго — хутчэй сустрэцца са мной. Апоўначы гэтага ж дня яна ўзяла білет на цягнік Масква-Варшава».
Аднак а 5-й раніцы Маргарыту высадзілі з цягніка на памежным пераходзе Брэст-Цярэспаль для асабістага надгляду.
«У выніку, — піша Дзіянаў, — у яе канфіскавалі ноўтбук — менавіта той, які да гэтага суткі быў у руках «спецыялістаў» з КДБ. Мабыць, яны забыліся там нешта для іх важнае... Пасля канфіскацыі камп'ютара Маргарыту пасадзілі на электрычку Брэст-Цярэспаль. У польскім Тарэспалі яе сустрэў я», — расказвае Дзіянаў.
Сама Маргарыта расказвае ў сваім відэазвароце, што супрацоўнікі беларускага КДБ працягнулі шантажаваць яе — ужо праз інтэрнэт.
Яны пагражалі публікацыяй у сетцы асабістых фота Маргарыты. Рэч у тым, што Маргарыта марыла пра кар'еру мадэлі. Таму да ад'езду ў Варшаву Маргарыта пабывала ў фотастудыі «Zнята», дзе сфатаграфавалася ў стылі «ню».
Дзіянаў і Лавышык вырашылі выкласці адну з тых фатаграфій, якія ёй даслаў КДБ з пагрозай шантажу.
Выкладзены і відэазварот Маргарыты, які абвяргае ўсе свае паказанні супраць Дзіянава і РПСС.
Яна кажа, што іх з яе якія выбілі пад ціскам. Дзяўчына сцвярджае, што яе толькі прымусілі прачытаць перад камерай гэтыя фантазіі, і мяркуе, што іх яшчэ прадэманструюць на БТ і АНТ.
Дзіянаў піша, што такая «вайна» супраць каханых людзей дысідэнтаў выклікае ў яго «толькі лютасць і жаданне ... далей вас шчаміць, напружваць і граміць па ўсіх франтах!»
«Мяне не зламілі, ніякай паперы я не падпісала, і ні пра якую супрацу [з КДБ] гаворкі быць не можа», — кажа Лавышык у сваім відэазвароце.