viasna on patreon

Бабруйск: Паклёпніцкая “творчасць” працягваецца

2012 2012-04-19T17:08:51+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kabanchuktaisija.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Актывістка БХД Тасія Кабанчук

Актывістка БХД Тасія Кабанчук

19 красавіка невядомыя аўтары паклёпніцкіх улётак працягнулі сваю дзейнасць. Нагадаем, што ўчора аб’ектам іх вершаванага нападу стала актывістка АГП Галіна Смірнова А сёння – абласны каардынатар стваранай партыі БХД Таісія Кабанчук.

Невядомыя абляпілі сцены і дзверы крамы AXIS, дзе Таісія Кабанчук працуе прыбіральшчыцай, “аб’яўкамі ад БХД”.

- Толькі з адных дзвярэй знялі штук сем гэтых улётак, - распавядае актывістка, - а агулам іх колькі было, не ведаю. Бо калегі паздымалі іх яшчэ да майго прыходу. Кажуць, іх было вельмі шмат. Усе былі ў шоку і пыталіся, чаму пра мяне такое панапісвалі, бо не ведаюць, што я займаюся грамадскай дзейнасцю. Самі ўлёткі былі зробленыя як аб’яўка, у іх гаварылася, што нібыта БХД прымае на працу прыбіральшчыкаў і звяртацца трэба да мяне.

Раніцай у доме Таісііі Кабанчук не было ні адной улёткі. Але калі яна вярталася дахаты з працы, заўважыла з’яўленне адной паперчыны на паштовай скрыні, размешчанай звонку пад’езда.

- Гэта была ўжо іншая ўлётка, з караценькім вершам, дзе зноў, як і ў мінулым годзе, “абыгралі” маё прозвішча, ды й дадалі напрыканцы “хру-хру”, - пасміхаецца спадарыня Таісія. – Сапраўды, выглядае як дзіцячы садок, можна толькі пашкадаваць людзей, якія ствараюць гэтыя ўлёткі, і няхай сабе лепяць далей. Мы толькі пасмяяліся з гэтага. Дарэчы, у абодвух выпадках выкарысталі мой фотаздымак з акцыі, дзе я трымала ў руках плакат з патрабаваннямі свабоды палітвязням.

Таісія Кабанчук лічыць, што гэтымі “акцыямі” невядомыя жадаюць дыскрэдытаваць БХД і іншых бабруйскіх актывістаў. Таксама яна мяркуе, што гэта можа быць спроба напалохаць іншадумцаў перад Чарнобыльскім шляхам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства