Генпракуратура ўхіляецца ад праверкі па скарзе “невыязнога” праваабаронцы
Генеральная пракуратура накіравала скаргу намесьніка Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча, якому быў абмежаваны выезд за межы Беларусі, у Міністэрства абароны. Пра гэта праваабаронца быў праінфармаваны лістом з Генпракуратуры 28 сакавіка.
У скарзе Стэфановіч прасіў правесьці пракурорскую праверку і устанавіць асобаў, якія прынялі неправамернае рашэньне аб абмежаваньні ягонага права на выезд з Рэспублікі Беларусь, а таксама прыняць неадкладныя меры па аднаўленьні парушаных правоў.
Па меркаваньні Валянціна Стэфановіча, "падобныя дзеяньні па абмежаваньні выезду з краіны маюць наўмысны характар і скіраваныя на парушэньне канстытуцыйных правоў грамадзян на свабоду перамяшчэння выключна па палітычных матывах. У дадзеным выпадку Генеральная пракуратура павінна была правесьці пракурорскую праверку, ад чаго яна цалкам ухілілася, перадаслаўшы скаргу ў Міністэрства абароны".
Рашэньне аб часовым абмежаваньні выезду за межы Беларусі Валянцін Стэфановіч будзе таксама абскарджваць і праз суд.
11 сакавіка Валянцін Стэфановіч не змог выехаць зь Беларусі. На беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску “Каменны Лог” супрацоўнікі памежнай службы паведамілі, што яму адмоўлена ў выезьдзе.