Канфіскаваны мытнікамі ноўтбук Андрэя Бандарэнкі трапіў у КДБ
Пра гэта праваабаронцам «Плятформы» паведамілі на Берасьцейскай мытні.
Адзін з адказных супрацоўнікаў адзначыў, што кампутар
знаходзіцца ў Камітэце дзяржбясьпекі ў Менску на экспэртызе.
Калі ноўтбук будзе вернуты кіраўніку «Плятформы» Андрэю Бандарэнку, суразмоўца
паведаміць ня змог, гэтаксама як і назваць прычыну канфіскацыі.
Некалькі тыдняў таму, калі Бандарэнка вяртаўся ў Менск з Варшавы, яго
зьнялі зь цягніка на патрабаваньне беларускіх мытнікаў. Тыя
паведамілі, што яму трэба прайсьці ў залю надгляду для праверкі «магнітных
носьбітаў інфармацыі». Там у праваабаронцы і канфіскавалі ноўтбук
«з мэтай экспэртызы інфармацыі на прадмет пагрозы эканамічнай
і палітычнай бясьпецы краіны».
Як адзначаюць у сваёй заяве прадстаўнікі «Плятформы», яны
не ўпершыню сутыкаюцца з парушэньнем дзейнага заканадаўства, гэтым
разам ужо Мытнага кодэксу Мытнага саюзу. Згодна з артыкулам 143 мытны
орган мусіць паведаміць дэкляранту аб прызначэньні мытнай экспэртызы
не пазьней як празь дзень пасьля прыняцьця рашэньня аб ёй.
Ніякіх апавяшчэньняў ані тлумачэньняў адносна характару мытнай экспэртызы
Андрэй Бандарэнка не атрымліваў.